Меню
ИП Хаменко Егор  Александрович

«Я – тутэйшы!» Як мастак і пісьменнік Станіслаў Налецкі ажыўляе гісторыю роднага краю

«Я – тутэйшы!» Як мастак і пісьменнік Станіслаў Налецкі ажыўляе гісторыю роднага краю

У аграгарадку Волма, што ў Дзяржынским раёне, жыве дзіўны чалавек. Яго рукі ўмеюць выразаць з дрэва найтанчэйшыя скульптуры, яго пэндзаль піша цудоўныя мініяцюры, а яго слова – заварожвае. Станіслаў Налецкі – мастак, разьбяр, пісьменнік і, як ён сам з мяккай усмешкай кажа пра сябе, тутэйшы. Адно слова, а ў ім – усё яго жыццё, карані, адданасць і любоў да зямлі, якая стала яму домам назаўсёды.

Карані, што ўрастаюць у гісторыю

Гісторыя яго сям’і – быццам адлюстраванне самой гісторыі гэтай зямлі. Далёкі продак, прысланы сюды з Расіі валодаць дзвюма валасцямі, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Так пачалася новая валмянская дынастыя, у якой спляліся лёсы і традыцыі.

Сам Станіслаў нарадзіўся ў 1959 годзе, застаўшы яшчэ водгукі пасляваеннага часу.

– Шмат зброі знаходзілі ў лясах з сябрамі. У нас быў цэлы свой партызанскі атрад, я быў начальнікам разведкі, мой сябра – камандзір атрада. Чалавек 30 набіралася! І мы хадзілі гуляць у вайну. 

У часы яго продкаў Волма была зусім іншай – з брукаванымі вуліцамі, што насілі назвы Гандлёвая; Пілсудскага, а пазней (пры савецкай уладзе) – 17 Кастрычніка. Гэтыя вуліцы былі яўрэйскімі. Тут кіпела жыццё: шыкарны рэстаран з гасцініцай, гандлёвыя дамы, сінагога, школа. 160 яўрэйскіх жыхароў – і ніводзін не вярнуўся пасля вайны. Гэта памяць, як і памяць аб спаленай карнікамі вёсцы Цюхаі, цяпер жыве ў яго апавяданнях.

Аб усім гэтым ён піша ў сваёй новай кнізе «Сівая Волма»

Там ён шпацыруе па знаёмых сцяжынках з землякамі – арганістам Янам, Тадэвушам Свяцкім, Аляксандрам Лажачнікам… Распавядае аб мінулым, прыгадвае ўсіх, хто калісьці вось гэтак жа крочыў па валмянскай зямлі. Ён і сам шмат што ведае, але там, дзе не можа спадзявацца на памяць, шукае адказы ў такіх жа, як ён, энтузіястаў.

Трэці па ліку касцёл – Узнясення ў неба панны Марыі, адданы пасля рэканструкцыі пад збожжасклад, а потым і ўвогуле знішчаны

– Што ўчора было – не памятаю, а дзяцінства – вельмі добра, – прызнаецца Станіслаў.

Яго галоўным універсітэтам стала жыццё. Ён быў тым самым хлапчуком, які, прытаіўшыся на лаўцы, прагна ўслухоўваўся ў гутаркі майстроў, што сабраліся за сталом пасля работы. Яны працавалі не за грошы, а за сяброўства, і іх размовы былі поўныя жыццёвай мудрасці і ведаў. Яго бацька, вялікі майстар, браў сына ўсюды з сабой, станавіўся яго першым і галоўным настаўнікам. А маці, што працавала ў мясцовым шпіталі, часта вяла гутарку з пацыентамі, і іх размовы хлопчык таксама ўпітваў, як губка. Пазней гэта стане бяцэнным матэрыялам для яго творчасці.

Як і многіх тады, яго ў 16 гадоў адправілі ў Мінск – за лепшым жыццём.

– Там, на тратуарах, думалі, батоны ляжаць, – смяецца Станіслаў Сцяпанавіч.

Далей было будаўнічае вучылішча, універсітэт перападрыхтоўкі мастакоў-афарміцеляў, армія, моцныя настаўнікі ў мастацкай студыі на Казлова.

– Са шкадаваннем усведамляю, што вышэйшай адукацыі не атрымаў. Затое ёсць спецыяльная – па рабоце з глінай і афарміцельскаму майстэрству. Тады на гэтым добра зараблялася, таму і не падаўся ў ВНУ.

На 35 гадоў ён застаўся ў сталіцы, працуючы мастаком па аб’ёмнай рэкламе

Але кожныя выходныя нязменна вяртаўся ў Волму – да бацькоў, да гаспадаркі, да зямлі.

– З жонкай мне пашанцавала – мы з аднаго калгаса! – зноў усміхаецца ён. І тут жа становіцца засяроджаным, сур’ёзным. – У горадзе трэба было гадаваць дзяцей, купляць кватэру, дапамагаць бацькам. Таму творчасць часта адкладвалася на ноч ці «на бальнічны». Але за гэтыя гады набралася каля 150 палотнаў, паўсотні з якіх раз’ехаліся па прыватных калекцыях за мяжу.

Вяртанне да сябе

Усё жыццё ён чакаў 60-ці гадоў. Марыў: вось пайду на пенсію і завалю ўсё вакол драўлянымі скульптурамі, кніжкамі! Лёс унёс свае карэктывы ў выглядзе праблем са здароўем, але не змог зламаць дух.

У 60 гадоў Станіслаў напісаў і выдаў сваю першую кнігу – «Валмянскі шэпт»

– Веды мае, матэрыялы карцелі мне, – тлумачыць ён.

Аляксандра Кандратовіч, бабуля Станіслава Налецкага, па аповедах якой ён будуе частку свайго доследу

Яго скульптуры ўпрыгожылі Дом паляўнічага ў Кавальцах, ён працаваў у экатэхнапарку «Волма», у былым маёнтку Ваньковічаў.

Сёння Станіслаў Налецкі – чалавек, які знайшоў гармонію. Ён з пяшчотай гаворыць пра жонку, дзяцей, а пра ўнукаў жартуе: «Асобная кніжка будзе!»

Ён рыхтуе перавыданне «Валмянскага шэпту» з новымі вершамі, таму што ў кожным яго слове – Волма, Волма, Волма….

Філасофія тутэйшага

– Я сябе лічу талерантным такім беларусам. І мовы сваёй не цураюся – хай вясковай, з валмянскім дыялектам, – кажа ён.

Яго любоў да роднай мовы і краю – не паказальная, а глыбока экзістэнцыйная. Ён не разумее, як можна назаўсёды з’ехаць з малой радзімы.

– Няўжо іх нічога там не трымае: ні магілы продкаў, ні бацькоўская хата, ні той кавалак зямлі, дзе ты рыбу лавіў, дзе на ровары ездзіў. Павандраваць – добра. Але я нікуды не хачу. Я дома.

У гэтых словах – уся сутнасць Станіслава Налецкага. Ён не проста жыве ў Волме. Ён – яе голас, яе памяць, яе прадаўжальнік. Яго творчасць – гэта мост паміж мінулым і сучасным, паміж пакаленнямі, што сышлі, і тымі, што прыйдуць пасля.

У яго руках дрэва набывае душу, фарбы расказваюць гісторыі, а словы становяцца паэзіяй звычайнага, але такога прыгожага жыцця. Жыцця тутэйшага чалавека, які там, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.

Цікавыя звесткі пра аграгарадок Волма з кнігі Станіслава Налецкага:

  • Волма не раз і не два, а дзясяткі разоў гарэла ў час ваенных дзеянняў захопнікаў, у выніку міжканфесіянальных адносін паміж католікамі, праваслаўнымі, францішканцамі, езуітамі, што мела свой негатыў.
  • У ваколіцах Волмы многа пахаванняў. Валы ды курганы ў вёсцы Шэлеўшчына, татарскае пахаванне, шведы (гара Лысая), пахаванне ў кургане паселішча Зуеўка, французскае пахаванне (курганы вёскі Кавалеўцы). У вёсцы Міхалеўшчына было пахаванне памерлых ад праказы.
  • Сучасны касцёл у Волме – ужо чацвёрты па ліку. І сярод мясцовых па сённяшні дзень завецца касцёлам Святога Роха.
  • Цікавы факт з мінулага: некаторы час валмянская школа займала былы касцельны будынак. І ён хаваў у сабе цэлую сетку падземных ходаў! З аднаго склепа можна было трапіць у капліцу, а з яе – у падзямелле з нішавымі пахаваннямі. Ці трэба казаць, якое хваляванне і цікавасць выклікала гэта месца ў школьнікаў?
  • Памятае Волма і такі дом – не для шчасліўцаў, а для тых, хто па розных прычынах застаўся без даху і надзеі.

Калі цікавіцеся мінулым гэтай зямлі, адкрыйце для сябе кнігу Станіслава Налецкага «Сівая Волма» – сапраўдную скарбонку гістарычных ведаў.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59