Меню

Зберагчы тое, што даравана лёсам. Што дзяржынцы мяркуюць пра Дзень народнага адзінства

Невялікай кропкай абазначыла сваю прысутнасць на карце Еўропы краіна з прыгожай назвай Беларусь. А ўладарыць на гэтых землях сціплы, працалюбівы і горды народ, якому за шматгадовую гісторыю не аднойчы даводзілася прыпыняць мірную працу, каб са зброяй у руках бараніць свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны ад рознага роду крыўдзіцеляў і хаўруснікаў, здаўна спакусліва паглядаўшых на гэты квітнеючы край. 

Зараз карта Беларусі набыла выразна акрэсленыя абрысы, якія нанесены на дзяржаўны герб. Такім чынам беларускі народ засведчыў, што ён нарэшце атрымаў суверэннае права на валоданне гэтымі спадчыннымі зямлямі, якія засталіся яму ад продкаў. І магчымасць жыць і працаваць у незалежнай вольнай краіне беларусы скарыстоўваюць годна, абвясціўшы пра мірныя, добразычлівыя адносіны з грамадскай супольнасцю блізкага і далёкага замежжа. Такія ініцыятывы зараз даюць свае станоўчыя вынікі, адкрыўшы шляхі для ўпэўненага і стабільнага руху наперад як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай сферах. Але дасягненні Рэспублікі Беларусь з некаторага часу занепакоілі асобную групу дзяржаўнай эліты, якая прадстаўляе інтарэсы найбольш развітых капіталістычных краін. Ім недаспадобы прыйшлася самастойная палітыка Беларусі, таму, узяўшы на сябе ролю палітычнага жандарма, гэтыя недабразычліўцы арганізавалі шэраг карных мераў супраць беларускага народа, абклаўшы яго з усіх бакоў эканамічнымі санкцыямі. Выклікае непаразуменне і той факт, што ў гэта супрацьстаянне, пакуль што на ўзроўні гібрыдных войнаў, былі ўцягнуты нашы бліжэйшыя суседзі па памежжы, хаця поваду да такой разнагалосіцы Беларусь з яе разважлівым і тактоўным народам ніколі нікому не давала. Як, дарэчы, і не дазваляла пагардліва ставіцца на нашых унутранных справаў.

Тым не менш гэтыя падзеі не могуць не наводзіць на сумны роздум, бо эскалацыя напружанасці не спадае, а нежаданне супрацьлеглага боку весці дыялог за сталом перамоў, як вядома, непазбежна вядзе да больш сур’ёзных канфліктаў.

Пра гэта нам таксама добра вядома, бо ў памяці людской яшчэ не сцерліся адгалоскі таго ліхалецця, калі этнічна беларускія землі ператвараліся ў арэну баявых дзеянняў, прычым зусім безпадстаўна.

Так, напрыклад, у пачатку XX стагоддзя такую спробу знянацку прадпрыняла Польшча, калі ў думках яе палітычнай вярхушкі пачалі мроіцца планы пра ўзнаўленне Рэчы Паспалітай, якая, як вядома, упершыню заявіла пра сябе ў выніку падпісання так званай Люблінскай уніі. Тады, у 1569 годзе, паддаўшыся на ілжывыя абяцанні з польскага боку, урад Вялікага княства Літоўскага пайшоў на такое пагадненне, дазволіўшы такім чынам інкарпарыраваць сваю незалежную сярэднявяковую дзяржаву ў склад Рэчы Паспалітай. Але хутка падман выкрыўся. Не атрымаўшы раўнапраўных умоў для існавання ў гэтым квазідзяржаўным утварэнні, ВКЛ вымушана было амаль два стагоддзі весці палітычную барацьбу, каб пазбавіцца свайго крывадушнага саюзніка. Такі разлад не пайшоў на карысць Рэчы Паспалітай, таму адна з самых вялікіх па памерах дзяржаў на карце Еўропы пачала хутка губіць сваю ваенную і эканамічную магутнасць, пакуль зусім не знікла ў выніку падзелаў яе тэрыторыі паміж больш моцнымі суседзямі. Страціўшы незалежнась і ператварыўшыся ў правінцыю Расійскай імперыі, Польшча сама апынулася ў той ролі, якую некалі прыгатавала Вялікаму княству Літоўскаму.

І толькі у выніку Першай сусветнай вайны, а таксама перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расійскай імперыі, Каралеўства Польскае атрымала права на самавызначэнне свайго лёсу. Але гістарычны урок, дадзены папярэдне, так і не прымусіў палякаў зрабіць для сябе пэўныя высновы.

У той час, калі беларуская нацыя атрымала прызнанне і яе народ дабіўся ад савецкага ўрада магчымасці заняцца ўрэшце-рэшт сваім нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтвам, як зноў узнікла пагроза з захаду яго свабоднаму існаванню.

У чарговы раз пануючыя буржуазна-памешчыцкія колы на чале з абвешчаным Начальнікам Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім заявілі пра намер стварыць Другую Рэч Паспалітую з уключэннем у яе склад Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны. І ніхто тады не спытаў ў беларускага народа, ці патрэбен яму такі чарговы палітычны хаўрус. Як бачым, погляд беларусаў на нацыянальнае самавызначэнне Польшчу зусім не цікавіў, а свае амбіцыйныя задумкі яна вырашыла ажыццявіць з пазіцыі сілы.

У першай палове лютага 1919 года польскія дывізіі, пры падтрымцы краін Антанты, перайшлі межы Гродненскай губерніі і развязалі ваенную агрэсію супраць беларускага народа. Па іншаму нельга назваць гэты ганебны акт з боку Польшчы. Знявечаная і спустошаная пасля Першай сусветнай вайны Беларусь не магла адразу даць адпор агрэсару, таму большая частка яе тэрыторыі трапіла пад акупацыю. На захопленных беларускіх землях палякі адразу ж пачалі паводзіць сябе як гаспадары. Яны ліквідавалі савецкую ўладу і вярнулі ўласнасць памешчыкам і капіталістам. Акупанты рабавалі насельніцтва захопленных зямель і вывозілі ў Польшчу матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Тысячы беларускіх патрыётаў, якія ўздымалі голас супраць прыгнятальнікаў, былі кінуты ў турмы і канцэнтрацыйныя лагеры. Але гэты крывавы тэрор не зламіў волю беларускага народа да супраціўлення.

28-30 октября 1939 г, Белосток. В зале заседаний Народного Собрания Западной Белоруссии Фото Белорусский государствен-ный музей истории Великой Отечественной войны

Пералом у савецка-польскай вайне адбыўся ў ліпені 1920 года, калі Заходні фронт пад камандаваннем Міхаіла Тухачэўскага пачаў агульнае наступленне па ўсіх напрамках. Вызваленчая аперацыя развівалася даволі паспяхова і да канца месяца Чырвоная армія перайшла польскую мяжу і рушыла на Варшаву. Але ў далейшым савецкае камандванне дапусціла сур’ёзныя стратэгічныя і тактычныя пралікі, якія не дазволі развіць поспех.

У выніку фронт быў адкінуты на ранейшыя пазіцыі і стабілізаваўся па лініі, якая фактычна перарэзала Беларусь на дзве часткі.

Не маючы больш сіл для працягу ваенных дзеянняў, варагуючыя бакі ў сакавіку 1921 годы вымушаны былі пачаць перамовы, якія завяршыліся падпісаннем Рыжскага мірнага дагавора, у выніку якога тэрыторыі сучасных Брэсцкай і Гродненскай абласцей, а таксама часткова Мінскай і Віцебскай з насельніцтвам у чатыры міліёны чалавек адышлі да Польшчы.

 На далучаных землях Заходняй Беларусі былі ўтвораны «Крэсы Усходнія», якія фактычна замацавалі за гэтай тэрыторыяй рэжым этнацыда. Цэнтральнай уладай адразу ж быў узяты курс на жорсткую паланізацыю і акаталічванне праваслаўнага насельніцтва. Беларусаў не прызнавалі за нацыю, іх родная мова была забаронена, закрываліся нацыянальныя школы, бібліятэкі, іншыя культурныя ўстановы. На тэрыторыі Заходняй Беларусі панавалі сацыяльны, палітычны і паліцэйскі тэрор. Шляхецкі гонар і пагарду ў поўнай ступені тады адчула мясцовае насельніцтва беларусаў, якое трапіла ў ахвярнае становішча ў сувязі з агрэсіўнымі намерамі суседняй краіны.  

Калі нацысткая Германія 1 жніўня 1939 года развязала вайну супраць Польшчы, узнікла рэальная пагроза таго, што насельніцтва заходней часткі Беларусі можа трапіць пад акупацыю гітлераўскіх заваёўнікаў. Таму, 17 верасня 1939 года, па распараджэнні савецкага ўрада, войскі Чырвонай арміі перайшлі мяжу, якая была створана па Рыжскім мірным пагадненні, і ўзяла пад абарону жыццё і маёмасць жыхароў не толькі Заходняй Беларусі, але і Украіны. Насельніцтва гэтых тэрыторый горача вітала сваіх збавіцеляў. Паспяховае завяршэнне гэтай вайсковай аперацыі дазволіла вызваліць заходнюю частку беларускіх зямель ад ўлады панскай Польшчы. Так была адноўлена гістарычная справядлівасць і створаны ўмовы для аб’яднання Беларусі у адзіную краіну. У апошнія дні кастрычніка 1939 года ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Яго дэлегаты аднадушна прагаласавалі за ўстанаўленне савецкай улады на былых землях «Крэсаў Усходніх» і выказаліся за ўваходжаннеў склад БССР. Гэта лёсавызначальнае рашэнне знайшло працяг і падрымку на нечарговай V сесіі Вярхоўнага Савета СССР і нечарговай III сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якія адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні з БССР.

Гэтыя падзеі сталі зыходнай кропкай для аднаўлення ў нашай суверэннай краіне дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства.

У гэтым годзе мы збіраемся адзначыць яго ў чацвёрты раз, засведчыўшы тым самым, што і праз дзесяцігоддзі наш народ добра ведае, у якіх цяжкіх умовах здабывалася наша тэрытарыяльнае цэласнасць і нацыянальнае адзінства. Гэта дата ў календары, якая прыпадае на 17 верасня, стала для нашага народа сапраўдным сімвалам непарушнай еднасці, вытокам таго ўсведамлення, што ў аснове незалежнасці Беларусі ляжыць героіка мінулых дзён, і гэтыя незабыўныя старонкі гісторыі патрэбна цаніць і шанаваць.

Устанаўленне Дня народнага адзінства падкрэслівае пераемную сувязь пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і, бяспрэчна, з’яўляецца напамінам, што наша агульная задача – берагчы мір і спакой там, дзе нам наканавана нарадзіцца і жыць.

Віктар УРАНАЎ, Віктар ПОЛЦЕЎ

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59