Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Як у дзіцячым садку № 5 г. Фаніпаля вучаць любіць родную мову

Як у дзіцячым садку № 5 г. Фаніпаля вучаць любіць родную мову
Добавить в список предпочитаемых источников Google

Дзіцячы садок — гэта не толькі манная каша, каляровыя шкарпэткі і завучванне вершаў да ранішнікаў. Гэта яшчэ і месца, дзе закладваюцца асновы росту асобы. zviazda.by зазірнулі ў дзіцячы садок № 5 г. Фаніпаля, каб даведацца, якія каштоўнасці прывіваюць яго выхаванцам.

Тут сонца жыве

Фаніпаль — адзін з шасці гарадоў-спадарожнікаў Мінска. У апошнія гады ён імкліва развіваецца і прыкметна маладзее, а яго вуліцы і двары напаўняюцца звонкімі дзіцячымі галасамі — добрая прыкмета! Спаўна адпавядае ўсім сучасным запытам і мясцовы дзіцячы садок № 5. 

У ім сапраўды цёпла і сонечна ў любое надвор’е. Калектыў педагогаў і выхавальнікаў пад кіраўніцтвам загадчыцы Алены ЛАМАКІНАЙ робіць усё, каб дзеці былі не толькі накормлены і дагледжаны. Тут ствараюць унікальнае асяроддзе, дзе кожны выхаванец адчувае сябе часткай вялікай і дружнай сям’і.

— Наша ўстанова — не проста будынак, а невялічкі асяродак нацыянальнай культуры і педагагічных інавацый, — расказвае Алена Васільеўна. — Амбіцыйныя адукацыйныя праграмы мы пачалі рэалізоўваць літаральна з першага дня адкрыцця дзіцячага садка. З таго часу не прапускаем ніводнага раённага, абласнога, рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства і без прызавых месцаў не застаёмся.

Асаблівае месца і ў рабоце, і ў сэрцы педагогаў займаюць праекты і акцыі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Іх намаганнямі створана ўнікальнае асяроддзе, дзе традыцыйныя беларускія каштоўнасці гарманічна спалучаюцца з сучаснымі тэхналогіямі навучання.

Для тых, хто шчыра любіць

З задавальненнем падключыліся ў гэтым дзіцячым садку і да праекта «Моўны ланцужок: ад сэрца да сэрца», які з падачы Міністэрства адукацыі сёння актыўна рэалізуецца па ўсёй краіне.

— Сутнасць ініцыятывы — у сімвалічным аб’яднанні навучэнцаў, педагогаў і бацькоў у адзіны ланцужок людзей, якія шчыра любяць і штодзённа ўжываюць беларускую мову. Хіба ж мы маглі застацца ўбаку?! — усміхаецца Алена Ламакіна.

За справу ўзяліся адразу. І цяпер кожны тыдзень выхаванцы дзіцячага садка — ад самых малодшых да старэйшых груп — вучаць, малююць, лепяць з пластыліну якое-небудзь беларускае слова. Дарэчы, кожны раз рыхтуюць пад яго невялічкую «метадычку» і для бацькоў, каб была магчымасць працягваць знаёмства з роднай мовай дома. Разам з дарослымі дзеці разважаюць над важнымі паняццямі, такімі, напрыклад, як дабрыня і сяброўства. А яшчэ яны па-новаму — па-беларуску — называюць свае любімыя цацкі.

— Дзяцей трэба з самага малога ўзросту захапляць прыгажосцю і мілагучнасцю беларускай мовы, гэта фундамент іх гарманічнага развіцця, — лічыць выхавальнік Валянціна НАСАНОВІЧ. — Беларуская мова фарміруе багатае мысленне, вучыць эмпатыі і дапамагае дзіцяці ўсвядоміць сябе часткай вялікага і таленавітага народа. І ў гэтым нам дапамагае акцыя «Слова тыдня».

А яшчэ гэта працэс, поўны радасных адкрыццяў, дадае Валянціна Мікалаеўна:

— Нават самыя маленькія нашы выхаванцы з задавальненнем удзельнічаюць у інсцэніроўках, малююць ілюстрацыі да пачутых твораў, вучацца выказваць свае думкі па-беларуску.

«Чароўны куфэрак»

Нам пашанцавала пабываць у гэтым садку якраз у той тыдзень, калі выхаванцы сярэдняй групы № 5 разам са сваімі бацькамі падрыхтавалі тэматычную выстаўку «Чароўны куфэрак».

— Мы прапанавалі бацькам міні-праект, прысвечаны традыцыйным беларускім рамёствам, — тлумачыць выхавальнік Эсма САРОКА. — Разам з дзецьмі трэба было правесці невялікае хатняе даследаванне і высветліць, ці захаваліся ў іх сем’ях прадметы беларускай народнай творчасці і быту.

У выніку атрымалася даволі вялікая і цікавая экспазіцыя, у якую ўвайшлі драўляная маслабойка, чаўнок для ткацкага станка, тканыя ўручную пакрывалы, вышываныя кашулькі і шмат чаго яшчэ. Але нават і не гэта самае цікавае, сцвярджае Эсма Сарока:

— Мы даведаліся, што кожная сям’я мае свае рэліквіі, сваю гісторыю і беражліва іх захоўвае. І прыемна здзівіліся таму, што зусім яшчэ маладыя людзі ведаюць дзіўныя гісторыі пра тое, як гэтыя рэчы трапілі да іх і як шмат гадоў захоўваліся.

Чым не літаратурны салон?

Лагічным працягам моўнай практыкі стаў «Тэматычны літаратурны дзень». Гэта свайго роду літаратурны салон, які праводзіцца ў дзіцячым садку з вялікім размахам.

— Гэта сапраўднае свята для нашых выхаванцаў, якое напоўнена адмысловымі беларускамоўнымі мерапрыемствамі, — адзначае Алена Ламакіна. — Звычайны рэжым саступае месца літаратурным падарожжам. Рабяты знаёмяцца з творамі класікаў беларускай літаратуры, слухаюць народныя казкі і вершы дзіцячых паэтаў. Разам з выхавальнікамі малыя ставяць інсцэніроўкі, ператвараючыся такім чынам у герояў твораў.

Актыўна ўключыліся ў праект і музычныя кіраўнікі ўстановы.

— Яны развучваюць з дзецьмі новыя песні і вершы або рытмічныя замалёўкі, звязаныя з новым словам, — працягвае Алена Васільеўна. — Напрыклад, нядаўна нашы выхаванцы вывучалі словы «зязюля» і «бусел». А заадно яны даведаліся пра лясную і птушыную сімволіку Беларусі, разважалі, чаму менавіта бусел лічыцца адным з галоўных сімвалаў нашай краіны і птушкай шчасця.

Вучыцца праз гульню

Педагогі дзіцячага садка стараюцца зрабіць навучанне максімальна наглядным і эмацыянальным. Асаблівы акцэнт робіцца на гульнявую форму: у госці да малых прыходзяць спецыяльна пашытыя педагогамі лялькі-абярэгі Надзейка і Міхась, разам з якімі дзеці спяваюць калыханкі, вучаць прымаўкі і бяруць удзел у розных народных гульнях.

Як адзначаюць выхавальнікі, менавіта праз гульню дзеці дакранаюцца да вытокаў народнай мудрасці. Іх вочы загараюцца цікаўнасцю, а беларускія словы становяцца для іх зразумелымі і блізкімі.

— Поспех гэтых ініцыятыў быў бы немагчымым без цеснага супрацоўніцтва з бацькамі, — упэўнена Алена Ламакіна. — Наш сайт заўжды актыўны, старонкі дзіцячага садка ёсць у Іnstagram — усё гэта дазваляе трымаць сем’і ў курсе адукацыйнага працэсу, дзяліцца педагагічнымі знаходкамі і натхняць іншыя ўстановы адукацыі на падобныя пачынанні.

…У гэтым цёплым доме сапраўды жыве сонца. Аднак святлом яго напаўняюць людзі, якія тут працуюць. Дарэчы, у садку разам са звычайнымі групамі ёсць інтэграваныя, якія ўзялі пад сваё крыло дзетак з АПФР. Для асаблівых рабят, прычым не толькі з Фаніпаля, але і з Дзяржынскага раёна, гэта з’яўляецца той выратавальнай саломінкай, якая дапаможа ім адаптавацца ў паўсядзённым жыцці, камунікаваць з аднагодкамі, а, можа, і пайсці самастойна па жыцці далей. Каб так і было, тут робіцца шмат чаго. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59