«Калі ты размаўляеш па-беларуску, ты раствараешся ў Беларусі»: гісторыя жанчыны, якая зрабіла мову брэндам
Яна стрыжэ сабак, вядзе гаспадарку, гадуе траіх дзяцей і прынцыпова размаўляе па-беларуску. Пры гэтым Кацярына Гарошка – былая мінчанка, якая ў дзяцінстве саромелася «калгаснай мовы» ў бабулі. Інтэрв’ю з уладальніцай салона грумінгу ў Дзяржынску пра тое, навошта пераходзіць на беларускую ў бізнесе, якія бонусы яна дае і пры чым тут… цукар.
Пра сябе
– Вы не тутэйшая, праўда?
– Не, я нарадзілася ў Мінску і ўсё жыццё правяла там. А вось кожнае лета мы былі ў вёсцы… І адна мая бабуля, што жыве ў Стаўбцоўскім раёне, размаўляе і па-беларуску, і па-польску, таму што калісьці ў іх там праходзіла мяжа з Польшчай. Канешне, гэта хутчэй трасянка. Цётка мая таксама размаўляе па-беларуску. Памятаю, калі мы прыязджалі да яе з Мінска, яна кожны раз жартавала: «О-о!Рускія прыехалі!».
Я не разумела тады, чаму ёй не падабаецца, што мы па-руску гаворым. А мы тады лічылі, што беларуская мова – гэта «колхозный язык». Было вось такое паняцце.
Потым з мужам вырашылі будавацца. Купілі дзялянку ў вёсцы Глухоўшчына, бо вакол усе блізкія, родныя. Пераехалі ў 2019 годзе, калі кавід выбухнуў. І я вырашыла: «Ачаму б не адкрыць салон грумінгу ў Дзяржынску? Тут таксама шмат пітомцаў». Захацелася рабіць усё менавіта па-беларуску. Параілася з мужам, ён падтрымаў. Так усё і пачалося.
Пра прафесію
– А як вы прыйшлі да грумінгу? Гэта была мара дзяцінства ці выпадковасць?
– Не, не мара. Гэта вымушаны крок. Мы купілі сабаку, Юзіка. Стрыжка каштавала 20 долараў. Гэта былі вялікія грошы. Да таго ж я была пасля трэцяга дэкрэту. За гэты час шмат чаго забылася, згубіліся навыкі.
І я думаю: «Трэба нешта новае пачынаць, сваё». Прыйшла думка паспрабаваць з сабакамі, з жывёламі, бо я іх люблю. Гэта ўжо потым, як мы пераехалі, у нас з’явіліся і каты, і яшчэ некалькі сабак, і коні.

Ездзіла вучыцца ў Маскву, у Еўропу на курсы грумінгу. Працавала ў Мінску, потым ужо сюды перавезла салон. На конкурсах выступала – звычайна брала кліенцкіх сабак, бо яны былі больш да гэтага падрыхтаваныя, чым мае. Зараз стаматалогію таксама робім.
– І як звычайна кліенты рэагуюць на такую адметную асаблівасць?
– Пачынаеш размаўляць – і яны таксама пераключаюцца.
Многа хто сам размаўляе, проста мы не заўважаем
А бываюць такія, што адразу думаюць: «Настаўніца беларускай мовы!» І насамрэч гэта збліжае.
Дзіўна нават: калі пераходзіш на беларускую ў краме, людзі часцей робяць тое, чаго не зрабілі б звычайна. Просіш: «Пакіньце, калі ласка, я вечарам забяру, аддам». І яны пакідаюць. Ты нават не надаеш увагі, а яны чуюць: свой.

– Ці лёгка тлумачыць гаспадарам жывёл прафесійныя тэрміны? Ці бываюць кур’ёзы?
– Бываюць (смяецца.) Часта людзі блытаюць слова «калдуны» з «калтунамі». Калдуны па-беларуску – гэта дранікі з мясам. А яны кажуць: « Унашага Тузіка* столькі калдуноў!»
А так – не цяжка. Што там? Трэба расчасаць, памыць, пасушыць, паглядзець кляшча, пачысціць вушкі, пастрыгчы, кіпцюры падрэзаць. І ўсё!
– А на якой мове размаўляеце з жывёламі?
– Па-беларуску. «Стаяць, фу, нельга. Пацярпі, пачакай». На мой погляд, беларуская мова ў любым выпадку гучыць мілагучней. Інтанацыя мякчэйшая, больш прыемная.

Пра сям’ю і гаспадарку
– У вас, акрамя сямейных абавязкаў і працы, такая вялікая гаспадарка…
– Сабак пяць. Коней трое. Адзін мой, і двадачок– Евін і Палінін. Мы спачатку Паліне купілі, мне. А потым прыйшла малодшая дачка і кажа: «Я таксама хачу каня». Купілі ў мінулым годзе трэцяга.
– Напэўна, нялёгка з усім упраўляцца?
– Ужо ўсё па сістэме. Фінансава, канешне, адчуваецца. Калі б не было гаспадаркі, можна было б спакойна з’ездзіць на Балі два разы на год. Сена мы, вядома, сушым, але самі столькі не нарыхтуем. На зіму трэба дзесьці 10–11 тон. Але затое мае дзеці ведаюць, што такое касіць траву, сушыць сена.
Мы нават завялі гаспадарку, каб дзеці пазналі такое жыццё, якое было калісьці ў нас.

Бо зараз дзяцінства іншае. А раней у нас было весела: хадзілі ў лес, вогнішчы палілі, спявалі пад гітару, на дыскатэку ездзілі на ровары… І карову трэба было даіць. Статак раніцай выводзіш – і цэлы дзень з ім гуляеш. А цяпер не тое.
Пра мову
– Вы казалі, што ў бабулі была трасянка беларуска-польская. Помніце нейкія цікавыя словы?
– Ровар! Я са сваёй настаўніцай да чэрцікаў спрачалася, што ровар – гэта беларускае слова, бо мая бабуля так кажа. А яно зусім не беларускае, а пайшло з польскай мовы.
– А ў школе якія былі адносіны з беларускім?
– Я мову любіла. Падабалася. Вершы чытаць любіла.
– А дзеці размаўляюць на мове?
– Яны размаўляюць па-руску. Але бывае, і беларускае нешта праскочыць, бо я ўсё ж такі ўплываю на іх.
– Што б вы параілі тым, хто хоча весці блог па-беларуску, але саромеецца?
– Ведаеце, першае: калі хочаш нешта змяніць – пачні з сябе. А другое: калі ты хочаш жыць у Беларусі – жыві ў Беларусі. Ты не можаш растварыцца ў ёй, калі размаўляеш не па-свойму. Вось мы з сынам чыталі пра тое, чаму цукар растае ў вадзе. Малекулы вады маленькія і шустрыя – яны без перапынку рухаюцца і пачынаюць таўчы цукар, адрываць ад яго малекулы і разносяць іх па ўсёй шклянцы. Гэта працэс дыфузіі. Вось так і з мовай: калі ты размаўляеш па-беларуску, ты раствараешся ў гэтай Беларусі. А калі саромеешся – у цябе нічога не атрымаецца. Чаго саромецца? Мы размаўляем на роднай мове. Боязна за памылкі? Усё прыходзіць толькі з практыкай.
–Вы марыце аб тым, каб больш людзей гаварыла па-беларуску?
– Вядома. Вось дзённікі ў школе на беларускай мове ёсць, а патрабуюць – на рускай. Таксама я нядаўна мяняла вадзіцельскае пасведчанне. У мяне пытаюцца: «Хочаце, зробім на беларускай мове?» Я кажу: «Канешне, рабіце». І вось калі мяне астанавіў супрацоўнік ДАІ, ён адразу не паверыў, што гэта арыгінал. Правяраў! (Усміхаецца.)

– А сёння беларуская мова ўсё яшчэ ўспрымаецца як «калгасная»?
– Беларуская мова – не калгасная, а нацыянальная мова. Яе трэба ведаць. Толькі тады мы становімся нацыяй.
Калі ты актыўны носьбіт мовы, табе больш увагі, павагі. Людзям цікава, хто ты.
Прыемна, калі едзеш і бачыш шыльды на роднай мове. Вось, напрыклад, чаму б не назваць краму «Беларускія шпалеры»? А пішуць: «Белорусские обои». Гэта маркетынг няправільны.
Я мару, каб нашы дзеці ведалі беларускую мову. Хай ужываюць хоць англійскую, але сваю павінны ведаць, правільна?..
Мы развітваемся. За акном чакае гаспадарка: сабакі, коні. Кацярына паказвае ў інстаграме аквагрым, які робіць яе дачка, сабака Юзік круціцца пад нагамі. А недзе ў вёсцы – цётка, якая кажа: «Рускія прыехалі». Але ж цяпер – беларусы!
Рекомендуем