Меню

Смак роднай мовы! Кацярына Мінько — пра стэрэатыпы, любімую гімназію і плюсы білінгвізму

21 лютага ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Дзень роднай мовы. Беларусь – не выключэнне. І хоць прыхільнікаў рускай мовы ў нашай краіне, відавочна, большасць, пра свае карані беларусы ўсё ж такі не забываюцца. Бацькоўскую мову вывучаюць яшчэ са школьнай парты. А гераіня нашага матэрыялу ахвотна дапамагае маладому пакаленню авалодаць родным словам. 

Кацярына Мінько – некалі вучаніца, а зараз — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Дзяржынска. Скончыла БДУ з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці філолаг. У 2008 атрымала кваліфікацыю выкладчык беларускай мовы і літаратуры. А нядаўна педагог стала пераможцай раённага этапу конкурсу “Настаўнік года-2023”.

— Кацярына Аляксандраўна, раскажыце, што паўплывала на выбар прафесіі?

— Можна сказаць, што не я выбрала прафесію, а прафесія выбрала мяне (смяецца). Ніякіх мук наконт выбару ў мяне не было. У дзяцінстве любіла гуляць «у школу». Гадоў у 9-10 апранала доўгі, да пят, бабулін плашч, нешта расказвала ўяўным вучням і нават пісала на імправізаванай дошцы (а дакладней — баку серванта) крэйдай альбо ручкай на лісце, прымацаваным да сцяны. Пазней, у старэйшых класах, ужо марылася пра перакладчыка, псіхолага, фатографа або журналіста…

Цяпер думаю, што любоў да мовы фарміравалася дзякуючы таму, што маці выпісвала для мяне шмат газет і часопісаў на беларускай мове: «Раніца», «Першацвет», «Крыніца»… Гэта было ў 90-ыя гады – нацыянальнае адраджэнне, беларусізацыя… Таксама куплялі мне шмат кніжак на роднай мове, з цікавымі малюнкамі, якія помню да гэтага часу. У доме пастаянна працавала беларускае  радыё, дзе перадачы і песні былі ў асноўным на мове. Так яна пранікала ў маю душу. У 5 класе мае здольнасці да лінгвістыкі і нядрэнны слоўнікавы запас заўважыла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Валерыя Антонаўна Няверава. З гэтага часу пачаўся наш сумесны алімпіядны шлях даўжынёю ў сем гадоў. Займацца з гэтым настаўнікам было надзвычай захапляльна. Яна многаму мяне навучыла і многае ўклала ў мяне. Стала для мяне другой мамай. З яе падтрымкай я актыўна і вынікова ўдзельнічала ў навукова-практычных канферэнцях і алімпіядным руху. У 9 класе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды была ўзнагароджана дыпломам І ступені, у 10 класе – дыпломам ІІІ ступені, у 11 класе – пазвальным водзывам за водгук. Дзякуючы перамозе ва ўніверсітэцкай алімпіядзе БДУ паступіла на філфак без экзаменаў. А ролі перакладчыка, псіхолага, фатографа і журналіста паспяхова ўвабрала ў сябе усеабдымная і бязмежная прафесія настаўніка…

— Увогуле з гімназіяй звязана большая частка Вашага жыцця…

— З ёй я развіталася толькі на пяць універсітэцкіх гадоў. Калі прыйшоў час размеркавання, у БДУ нам раілі самім знайсці першае працоўнае месца і ўзяць адтуль запыт. Так і зрабіла. Прыйшла ў родную і любімую гімназію, у якой тады працаваў дырэктарам Міхаіл Люцыянавіч Доўнар, мой былы настаўнік інфарматыкі, прайшла субяседаванне і атрымала запыт. Я вельмі ўдзячная Міхаілу Люцыянавічу за тое, што ён не адправіў мяне ў іншую ўстанову адукацыі (на кафедры філолагаў тады было дастаткова настаўнікаў), а паверыў у мяне. Калі ж я прыйшла працаваць у гімназію, дырэктарам ужо стала Таццяна Міхайлаўна Давідовіч, пазней — Людміла Леанідаўна Каладзінская, якія таксама паставіліся да мяне з падтрымкай, верай і ўвагай. Тое ж магу сказаць і пра цяперашняга дырэктара гімназіі Людмілу Станіславаўну Паўхлеб, а таксама адміністрацыю ўстановы адукацыі, якая стварае ўсе ўмовы для камфортнай і творчай працы. Тут я вырасла да настаўніка вышэйшай катэгорыі і пачэснага звання “Настаўнік года-2023” Дзяржынскага раёна, у чым мне вельмі дапамагла намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Галіна Яўгеньеўна Мігура. Тут мне заўсёды было ўтульна, тут я знайшла сапраўдных паплечнікаў і сяброў. З павагай і любоўю стаўлюся да кожнага члена нашага вялікага, адказнага, крэатыўнага і мудрага калектыву. Адчуваць і падтрымліваць дух гімназіі, працаваць у ёй і быць яе часткай, – радасна і прыемна!

— Станаўленне чалавека і педагога немагчыма без уплывовых асоб, кніг, падзей. Хто ў свой час паўплываў на Вашу педагагічную дзейнасць?

— Як кажа беларуская прымаўка, зерне да зерня – будзе поўная мерня. Так і ў мяне. Мой філалагічны светапогляд, як калейдаскоп, складаецца з мірыядаў прачытаных і пачутых радкоў, убачаных карцін. На жаль, назваць усіх, хто паўплываў, не змагу, бо сама нават не аддаю сабе справаздачу пра гэта, многія ўплывы ідуць на ўзроўні падсвядомага. Кожная прачытаная кніга, а іх нямала, пакінула свой след у памяці ці ў сэрцы. Канечне, прыклад для мяне – усе мае настаўнікі (кожны па-свойму), многія калегі (у тым ліку і з іншых устаноў адукацыі), выкладчыкі з універсітэта: Андрэй Хадановіч, Уладзімір Куліковіч, Ігар Запрудскі, Таццяна Шамякіна… Як на педагога, паўплывалі на мяне кнігі Якуба Коласа, Шалва Аманашвілі, Юлія Гіпенрэйтер… Увогуле чытаю шмат псіхалагічнай і матывацыйнай літаратуры замежных аўтараў:  Дж. Стрэлекі, М. Разэнберг, В. Франкл, Г. Кір’янава… Сярод беларускіх пісьменнікаў заўсёды здзіўлялі і натхнялі Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін. Імпануюць казкі сучасніцы Алены Масла, апавяданні Андрэя Федарэнкі, вершы і публіцыстыка Навума Гальпяровіча… Увогуле хацелася б развянчаць міф пра беднасць сучаснай беларускай літаратуры: у нас многа пісьменнікаў рознага ўзросту, выдаецца нямала новых кніг у самых розных жанрах, нават антыўтопія, хорар, фэнтэзі. Проста трэба цікавіца гэтай тэмай, чытаць тэматычныя выданні і сайты, а не чакаць, што да вас у кватэру прыйдуць, як у рэкламе вядомага пральнага парашка: «Вы яшчэ гэтага не ведаеце? Тады мы ідзём да вас!».

Ці імкняцеся Вы з дапамогай сваіх урокаў папулярызаваць родную мову, выклікаць цікавасць навучэнцаў да яе?

— Канечне, гэта імкненне падразумяваецца па ўмаўчанні! На ўроках прымяняю прыёмы візуалізацыі, актыўнага навучання, заўсёды падштурхоўваю вучняў да творчасці ў любым выглядзе, не шкадую дзясяткі за гэта. Шырока выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі. Мае вучні на ўроках малююць і іграюць на музычных інструментах, спяваюць песні, здымаюць буктрэйлеры і робяць інсцэніроўкі, самі ствараюць віктарыны і крыжаванкі, працуюць з QR-кодамі… Заўсёды ярка і адметна праходзіць у гімназіі прадметны тыдзень клуба «Крынічка». Кожны год мы з калегамі прыдумваем новыя акцыі для гэтага: «Сэлфі па-беларуску», «Слова за цукерку», «Адкрыты мікрафон», «Падабайкі роднай мове», «Татальны дыктант», «Паштоўка для роднай мовы», інтэрактыўныя і анлайн-гульні, флэшмобы, літаратурна-музычныя або тэатральныя гасцёўні – усяго не пералічыш. Тут галоўнае актыўнасць і пазітыў, а яшчэ ўласныя станоўчыя адносіны да прадмета.


«Вучні ўсё «счытваюць», у тым ліку і фальш. Таму мой педагагічны дэвіз: «Навучыць можна толькі таму, што сам любіш».


— Ні для каго не сакрэт, што большая частка насельніцтва ў нашай краіне размаўляе на рускай мове, а некаторыя нават не разумеюць значэння многіх слоў на беларускай. З якімі цяжкасцямі Вы сутыкаецеся ў выкладанні мовы і літаратуры?

— Гэта яшчэ адзін міф, што большая частка насельніцтва размаўляе па-руску. Калі строга падыходзіць да гэтага пытання, то, хутчэй, цяжка будзе знайсці чалавека, які сапраўды гаворыць па-руску. Беларуская мова апляла каранямі ўсё наша існаванне, яна пранікла ў нас на ўзроўні вымаўлення і пабудовы сказаў. Таму нават рускія словы мы вымаўляем усё ж па-беларуску. А як мы будуем фразы?  «Иду со школы», «что с меня смеешься?», «он с ней жениться»… Гэта не «цемната», а родны сінтаксіс сядзіць у нас моцна, не жадаючы саступаць рускаму. Пастаўце эксперымент: адзін дзень хадзіць па Дзяржынску і аналізаваць мову, якую пачуеце на вуліцах і ў крамах. Думаю, вы заўважыце  шмат цікавага. Прычым не толькі сярод старэйшага пакалення, а і сярод моладзі. Калі трэба сказаць нешта трапна, дасціпна, смешна – будзе выкарыстана сакавітае беларускае слова. Так, гэта не будзе чыстая беларуская мова (так званая кніжная), хутчэй, трасянка – сумесь дзвюх моў, аднак гэта цалкам нармальная з’ява для краін з білігвізмам (двухмоўем).


“Увогуле народы з двухмоўем багацейшыя за народы з адной мовай, бо мова нясе ў сабе пласт культуры, і валодаючы ёй, мы набываем і гэты культурны пласт, ён нам таксама належыць. Руская мова дорыць нам і вялікую рускую культуру, гэта трэба разумець і цаніць. Проста не трэба забываць, хто мы”.


— Як ставіцеся да глабалізацыі і яе ўплыву на беларускую мову?

-Думаю, глабалізацыя не так моцна закранае нашу краіну, а калі і  закранае, то не толькі нас, але і ўвесь свет. Так, у нас вельмі шмат запазычаных слоў – можа, і занадта. Значная частка молодзевага слэнгу складаецца з англійскай лексікі. І часам прыходзіць думка, што вучні лепш разумеюць гэтую замежную мову, чым беларускую.  І вучым мы беларускую лексіку, як замежную – па прынцыпе запамінання порцый слоў… Гэта да пытання пра цяжкасці ў выкладанні мовы.

А ў цэлым я не супраць глабалізацыі як з’яднання народаў па ўсім свеце. З’яднанне – гэта заўсёды добра. Я сама з задавальненнем займаюся посткросінгам – абменам паштоўкамі з людзьмі па ўсім свеце. Калі чытаеш паштоўку на англійскай мове ад члавека з іншага краю зямлі – прыемна бачыць, што і ён жыве тымі ж эмоцыямі і думкамі, што і ты. Пры гэтым удзельнікі абмену заўсёды просяць напісаць нешта на роднай мове і расказаць пра аўтэнтычнасць вашага народа,  краіны. Вось што цікава. І калі помніць пра гэта, вывучаць традыцыі, падтрымліваць, ганарыцца імі, перадаваць наступным пакаленням – то ніякая глабалізацыя нам не страшная.

Парада чытачам: як пераключыцца з рускай мовы на беларускую і зрабіць яе мовай паўсядзённай камунікацыі.

— Папярэджу: напачатку будзе трошкі ніякавата, да вас будзе крыху павышаная ўвага. Чаму так? Думаю, так склалася гістарычна, і гэта ў нашым менталітэце засталося. Нашу мову 2 стагоддзі забаранялі і рабілі выгляд, што яе не існуе. За мову каралі, часта смерцю. Саромілі за яе.Так было яшчэ нават у 20 стагоддзі! І вось гэты страх застаўся, не ўсе яго разумеюць і ўсведамляюць. А хто захаваў нашу мову? Сяляне. Таму ў многіх, зноў жа на ўзроўні архетыпаў, мова асацыіруецца з сельскім, простым, неінтэлігентным. Вось адкуль сорам. А ў некаторых мова асацыіруецца з нездаровым нацыяналізмам, што з’яўляецца, канечне, неапраўданым стэрэатыпам. Вось колькі ўсяго глыбіннага пераадольвае чалавек, які пераходзіць на чыстую беларускую мову ў штодзённым жыцці. Якія тут можна даць парады? Па-першае, трэба адчуваць сапраўднае жаданне ўнутры. Яно можа прыйсці само, як прыходзіць пакліканне, можа з’явіцца як натхненне пасля прачытанага твора або пасля зносін з беларускамоўным асяроддзем – настаўнікам, пісьменнікам, музыкам і г.д. Хтосьці расце ў беларускамоўнай сям’і. А хтосьці хоча выдзеліцца – гэта таксама нармальна. І спосаб цікавы… Па-другое, як кажуць, хочаш нешта пачаць – проста пачні! Трэба не разважаць, а дзейнічаць. І не баяцца пры гэтым, што будуць памылкі. Яны будуць, але не гэта галоўнае. І ўвогуле памылкі – гэта нястрашна. З часам іх будзе ўсё менш і менш. Па-трэцяе, больш чытаць на беларускай мове, глядзець фільмы, дубліраваныя па-беларуску, знайсці такую кампанію, якая імкнецца размаўляць на роднай мове – такіх людзей на самай справе шмат. Яшчэ вы заўважыце, што з вамі будуць таксама імкнуцца размаўляць па-беларуску, калі вы пачняце першым. Можаце таксама правесці эксперымент: адзін дзень усюды гавару чыста па-беларуску.

Напрыканцы хачу пажадаць усім чытачам газеты жыць яркім жыццём, праводзіць эксперыменты, разбураць міфы і стэрэатыпы, пазбаўляцца страхаў, вывучаць сябе, быць назіральнымі, шанаваць сваё. Тады пабачыце, якім яскравым можа быць ваша жыццё (а такім яно і павінна быць). Жывіце са смакам!

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59