Ад разведшколы да рэдактара раёнкі. Нататкі пра лёс Рыгора Уранава (ч. 2)
Вызваленчыя баі супраць нацысцкай навалы ўжо ахапілі тэрыторыю Заходняй Еўропы, таму курсанты падраздзялення, сфарміраванага пры 1-м галоўным упраўленні НКУС СССР, па паскоранай праграме завяршылі падрыхтоўку па вывучэнні найбольш дасканалых сродкаў сувязі, што меліся на ўзбраенні армейскай радыёразведкі, і ў пачатку кастрычніка былі накіраваны ў Мінск. Без прамаруджвання яны прыступілі да выканання адказназнага задання.
Вызваленая сталіца Беларусі ляжала ў руінах, але Дом урада не атрымаў значных пашкоджанняў. У правым крыле будынка размясцілася Міністэрства замежных спраў БССР, а апошні паверх па загаду першага сакратара ЦК КПБ Панцелеймона Кандратавіча Панамарэнкі быў абсталяваны магутнымі радыёстанцыямі і іншай неабходнай апаратурай – усё гэта перадалі ў карыстанне спецыялістам, прыбыўшым з Масквы.
Афіцыйна яны былі ўключаны ў склад міністэрства ў якасці рэферэнтаў, але на самай справе займаліся перахопам радыёінфармацыі праціўніка з Еўропы
З адкрыццём другога фронту ў Нармандыі пад такі кантроль трапілі і аб’яднаныя войскі саюзнікаў – амерыканцаў і англічан. У выніку было атрымана шмат карыснай інфармацыі, якая дазволіла прымусіць камандаванне нацысцкай Германіі пайсці на падпісанне 9 мая 1945 года акта аб безагаворачнай капітуляцыі на ўмовах, спрыяльных для савецкага камандавання. Калі вайна перамясцілася на Далёкі Усход, дзе напружанне стварала мілітарысцкая Японія, работа радыёсувязістаў у Мінску працягвалася, пакуль не быў падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі, дакумент, які засведчыў канчатак Другой сусветнай вайны.
Аб тым, што Рыгор Уранаў меў непасрэднае дачыненне да гэтых падзей, сведчаць і дзве яго апошнія баявыя ўзнагорады – медалі «За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і «За перамогу над Японіяй» (паводле звестак з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны ў Падольску).
Праз дарогу, як раз насупраць Дома ўрада, стаяў пяціпавярховы жылы будынак, дзе кватараваліся супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў. Меў там невялікі пакойчык і Рыгор Уранаў. Побач з ім жыла перакладчыца гэтага ж ведамства разам са сваёй малодшай сястрой Клаўдзіяй, якая ў 1945 годзе паступіла ў БДУ на гістарычны факультэт і знайшла ў сваячкі часовы прытулак. Маладыя людзі часта сустракаліся, жывучы на адным паверсе, і паміж імі ўзнікла ўзаемная сімпатыя, якая перарасла ў каханне. Калі паўстала пытанне аб шлюбу, Рыгор паведаміў пра гэта свайму начальству. Але яму далі зразумець, што яго абранніца ў гады Вялікай Айчыннай жыла на акупаванай ворагам тэрыторыі, а ён працуе ў сакрэтным аддзеле…
Рыгору прапанавалі зрабіць выбар: работа альбо асабістае жыццё. І ён без ваганняў пагадзіўся на апошняе
Кіраўніцтва не толькі з паразуменнем аднеслася да пачуццяў маладога чалавека, але і аказала яму дапамогу з вызначэннем будучай прафесіі: пасадзейнічала з паступленнем на вучобу ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ на аддзяленне журналістыкі. У дадатак ён прайшоў курсы па спецыяльнасці ў Маскве. Пасля такой адукацыйнай падрыхтоўкі Рыгора Уранава, ужо ў званні лейтэнанта, накіравалі ў Смаргонскі раён, дзе ён быў прызначаны на пасаду рэдактара газеты палітадзела 3-й гвардзейскай танкавай дывізіі Беларускай ваеннай акругі.
Творчая работа захапіла Рыгора Уранава. Хутка ён адчуў, што журналістыка – яго прызванне
У 1947 годзе маладога рэдактара прынялі ў члены КПСС, а праз некаторы час павысілі ў званні да капітана. Але ваенны гарадок, дзе размяшчалася дывізія, знаходзіўся глыбока ў лесе, удалечыні ад населенных пунктаў. Таму з цягам часу маладая сям’я Уранавых, у якой ўжо падрасталі двое дзетак, стала адчуваць патрэбу ў больш спрыяльных ўмовах для пражывання, дзе былі б дзіцячы садок, школа і іншыя сацыяльныя аб’екты. Так узнікла пытанне аб змяненні месца жыхарства і ў тым ліку – аб знаходжанні на вайсковай службе. У 1954 годзе Рыгор Уранаў падаў рапарт аб дэмабілізацыі і атрымаў пасаду рэдактара старадарожскай раённай газеты «За Савецкую Радзіму».
Новы калектыў добра прыняў былога афіцэра, які яшчэ некаторы час прыходзіў на работу ў ваеннай форме (толькі ўжо без пагонаў і іншых знакаў адрознення), бо адразу набыць цывільнае адзенне было тады даволі складана. У штаце рэдакцыі працавала нямала ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, таму новы кіраўнік хутка знайшоў агульную мову з калектывам. Працоўны рытм і задумы рэдактара прыносілі плён, і газета значна падняла ўзровень ў падачы інфармацыйнага матэрыяла.
Аднак на новай пасадзе адразу ж узнікла непрадбачная праблема. Справа ў тым, што газета выходзіла на беларускай мове, з якой Рыгор Уранаў, рускі па нацыянальнасці, ніколі раней не сутыкаўся. Але яго трэніраваная памяць і ўменне сканцэнтраваць увагу, іншыя навыкі, набытые на занятках па радыёсправе, дазволілі хутка пераадолець і гэты недахоп.
Ужо праз паўгода Рыгор Уранаў самастойна засвоіў усе патрэбныя правілы беларускамоўнага правапісу і беспамылкова рэдагаваў газету, хаця ў жыцці размаўляў пераважна па-руску
Аднак у 1961 годзе па загаду старшыні Савета міністраў СССР Нікіты Хрушчова пачалася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа з мэтай пераразмеркавання функцый цэнтральных і мясцовых органаў кіравання. У выніку Старадарожскі раён, як, дарэчы, Дзяржынскі і Уздзенскі, былі ўзбуйнены з іншымі тэрытарыяльнымі адзінкамі, што вяло да закрыцця раённых газет. Рыгора Уранава прызначылі на пасаду намесніка старшыні райвыканкама, а затым, калі ў пачатку 1963 года аднавілася былое адміністрцыйнае дзяленне, яму прапанавалі ўзначаліць калектыў дзяржынскай раённай газеты. Раней яна выходзіла пад назвай «Ленінская праўда», а ў адноўленым варыянце пачала звацца «Сцяг Кастрычніка».
За двухгадовы перапынак многае давялося ствараць наноў, у тым ліку і калектыў. Пад рэдакцыю быў выдзелены стары будынак на рагу вуліц Піянерскай і Горкага ў Дзяржынску. У адной палове, у даволі цесных пакойчыках, размяшчалася рэдакцыя, у другой – тыпаграфія. Значную дапамогу на пачатковым узроўні фарміравання калектыву аказаў ветэран журналістыкі Барыс Бініямінавіч Кацман, які быў прызначаны намеснікам рэдактара. Пазней яго месца заняў Павел Валадзько, які перайшоў з уздзенскай газеты «Чырвоная Зорка». Яшчэ адзін ветэран і выдатны майстар пяра, Емельян Сцяпанавіч Шурпач, узначаліў найбольш адказны сельскагаспадарчы аддзел. Некаторы час у газеце працавалі Іван Вайцянкоў і Пятро Ліпай. Пасаду адказнага сакратара заняў Канстанцін Паляшчук, а яго жонка, Зінаіда Ціханаўна, стала выконваць абавязкі карэктара.
На той час журналісты пісалі артыкулы чарнільнымі ручкамі, таму іх допісы апрацоўваліся на пішучай машынцы. Гэту справу даволі дасканала і граматна выконвала старэйшы работнік Валянціна Фёдараўна Кухарчык. Усе фінансавыя пытанні былі ўскладзены на бухгалтара Леаніду Іосіфаўну Мышко. Бясконцыя кіламетры па разбітых дарогах раёна накручваў на старэнькім «уазіку» вопытны вадзіцель Пётр Іванавіч Філімончык.
Пазней штат рэдакцыі стаў папаўняцца маладымі кадрамі. З журналістыкай пажадалі звязаць свой лёс Усевалад Халадкоў і Міхаіл Іовенка. Яны не мелі вышэйшай адукацыі, але дзякуючы прыродным здольнасцям і вялікаму жаданню працаваць у журналістыцы хутка знайшлі сваё месца ў калектыве і сталі сапраўднымі майстрамі сваёй справы. У 1964 годзе на пасаду фотакарэспандэнта быў запрошаны Іван Шабалінскі, які прысвяціў гэтай творчай дзейнасці звыш 40 гадоў. Так вакол рэдактара гуртаваўся працаздольны калектыў, які стаў творцам цікавай і змястоўнай раёнкі.
Першы нумар газеты пад назвай «Сцяг Кастрычніка» выйшаў 2 сакавіка 1963 года
Яго адкрыў артыкул сакратара парткома вытворчага ўпраўлення, а пазней першага сакратара Дзяржынскага райкама КПБ Альфрэда Паўлавіча Юргенсона пад назваю «Да новых поспехаў». Побач змясціўся зварот «Дарагія чытачы!». У ім рэдактар газеты Рыгор Кузьміч Уранаў падзяліўся думкамі наконт таго, якім ён бачыць будучыню новага друкаванага выдання. Гэта была своеасаблівая праграма дзеяння для рэдкалегіі, накіраваная на задавальненне патрэб жыхароў раёна ў цікавай і карыснай інфармацыі.
Газета выходзіла тры разы на тыдзень на чатырох палосах і аператыўна даносіла ўсе хвалюючыя і найбольш важныя падзеі да падпісчыкаў, колькасць якіх з кожным годам расла. Каб паспяваць за хуткім рытмам часу, стаўка была зроблена на шырокі аўтарскі актыў, што ўваходзіў у склад школы рабселькораў, створанай пры рэдакцыі.
У пачатку 1970-х гадоў тыраж газеты падняўся да 7,5 тысячы асобнікаў. І па зместу яна была адной з найлепшых не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы
За высокі ўзровень падачы матэрыялаў рэдактар Рыгор Уранаў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Паспяваў ён весці і вялікую грамадскую дзейнасць, з’яўляючыся членам бюро і членам райкама КПБ. Неаднаразова яго выбіралі дэпутатам Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў. У 1974 годзе сэрца Рыгора Кузьміча Уранава не вытрымала напружанай работы і ён заўчасна пайшоў з жыцця. Але добрыя традыцыі, закладзеныя гэтым таленавітым журналістам і ўдумлівым кіраўніком, на гады вызначылі далейшы шлях развіцця друкаванага слова ў Дзяржынскім раёне.