Вышла в свет новая книга Елены Стельмах «Навасады. Дзяржынскі раён»
Сёлета пабачыла свет цудоўная кніга — “Навасады. Дзяржынскі раён”. Яе аўтар наша зямлячка Алена Стэльмах, пісьменніца, журналіст, для якой гэтая сціплая вёсачка — малая радзіма, а па сутнасці — асабісты пачатак Сусвету, берагі душы… На мінулым тыдні прэзентацыя выдання адбылася на галоўнай пляцоўцы ХХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
Кніга «Навасады» — чацвёртая ў літаратурна-патрыятычным праекце Алены Стэльмах і Уладзіслава Цыдзіка. Першымі былі фотакнігі «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма». І, працягваючы ўжо вядомы праект, прадстаўлены не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, Алена Стэльмах на гэты раз звяртаецца да чытача, распавядаючы пра людзей, пра мясціны, асабліва дарагія для яе і не па чутках знаёмыя нам, жыхарам Дзяржыншчыны.
“Мы адчуваем непарыўную сувязь з нашымі продкамі. У нас — іх гены, іх кроў. Нам перадаецца сугучча іх думак і памкненняў: «Няхай ідуць паслядоўнікі натаптаным шляхам, але больш светлым, радасным, шчаслівым. Дзеля таго мы жылі на гэтай зямлі і нездарма пакінулі на ёй цяпло сваіх душ».
З кнігі Алены Стэльмах “Навасады. Дзяржынскі раён”
— Героі маёй кнігі не прымалі ўдзел у грандыёзных падзеях, але іх лёсы не сталі ад гэтага менш значнымі, — адзначае Алена Стэльмах і дадае: — Радзімазнаўства і пачынаецца з простага: расповедаў бабулі, дзеда, таты, а яшчэ — сваякоў, суседзяў, землякоў”.
Гэтае выданне адначасова лірычны аповед, філасофскі роздум і па-мастацку пераасэнсаванае гістарычнае даследаванне. У ім прыводзяцца архіўныя і дакументальныя матэрыялы, запісы ўспамінаў вяскоўцаў, фотаздымкі з сямейных альбомаў пісьменніцы, яе родных, суседзяў. “Стоеная за гарой вёсачка не была адлучаная ад вялікага свету”, — піша Алена Анатольеўна. І сапраўды, на старонках кнігі лёс вёскі Навасады і некалькіх пакаленняў яе жыхароў паўстае перад чытачом у кантэксце гісторыі беларускага народа, краіны.
У прадмове да выдання гэта адзначае і беларускі пісьменнік-публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха: “Упэўнены, што кнігу Алены Стэльмах пра сваю вёску, сваю зямлю, пра родных і блізкіх ёй людзей будуць з цікавасцю чытаць не толькі ў Навасадах і наваколлі. Бо святло ў нашых людзей, у нашага народа адно, якое можна назваць адным словам — жыццядайнае. Таму і нязгаснае”.
У кнізе шмат яркіх, каларытных апісанняў вясковага побыту мінулага стагоддзя. Гэтыя нарысы насычаны жывымі, сакавітымі дэталямі. Аўтарскія мастацкія творы, вершы, апавяданні, эсэ, натхнёныя шчырай любоўю да роднай зямлі і клопатам пра яе лёс, адмысловым чынам дапаўняюць і аздабляюць выданне.
— Гэтая кніга — споведзь перад вамі, мае дарагія Навасады, мае шаноўныя землякі, — звяртаецца пісьменніца да чытача. — Тут пра ўсё тое, што без цябе б, мая малая радзіма, не адбылося ні ў мяне, як і ў нікога іншага. Пішу. Бо, як вядома, напісанае застаецца…
Кніга “Навасады” паступіла ўжо ў продаж, а таксама ў бібліятэкі Беларусі, у тым ліку і ў нашу Цэнтральную раённую бібліятэку. Урэшце, гэты твор пра нас, дзяржынцаў, і нашы карані. Пра нас і пра ўсіх беларусаў, пра кожнага. Запрашаем усіх у цікавае падарожжа па яе старонках!
Тэкст і фота: Наталля Трацэўская
СПРАВОЧНО
Алена Анатольеўна Стэльмах — першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі i Саюза пісьменнікаў Расіі.
Нарадзілася 20 ліпеня 1965 года ў в. Навасады Дзяржынскага раёна. Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працавала галоўным рэдактарам раённай газеты «Узвышша» (г. Дзяржынск), галоўным рэдактарам «Белорусской лесной газеты», намеснікам дырэктара Выдавецкага дома «Звязда».
Сааўтар і ўкладальнік кніг «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая Радзіма», а таксама серыі кніг, прысвечаных беларускаму лесу. Аўтар шэрагу публіцыстычных твораў і кніг для дзяцей: «Дуб і крумкач», «У гасцях у Францыска Скарыны», «Вялікае прадстаўленне для Сонечкі», «Павучок Славік», «Супоўніца Міла», «Папяровы самалёцік». Творы Алены Анатольеўны перакладзены на мовы народаў СНД, а таксама польскую, сербскую.
Удзельнік міжнародных форумаў па пытаннях літаратуры і дзіцячага чытання. Член журы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», «Нацыянальная літаратурная прэмія».
Уладальнік медаля Францыска Скарыны. Узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік друку» (Беларусь), медалём Еўразійскай міжнароднай прэміі (за асаблівыя дасягненні, «Публіцыстыка»), залатым медалём Васілія Шукшына (Расія), медалямі «За ўклад у літаратуру» (Беларусь), «За ўмацаванне міжнацыянальнага міру і згоды» (Расія).