О работе и личном: Максим Лысенко дал большое интервью газете «Звязда»
Крыху больш за год таму ў аднаго з самых перспектыўных раёнаў Мінскай вобласці — Дзяржынскага — з’явіўся новы старшыня Максім Лысенка. Маладому кіраўніку паставілі задачу — надаць краю новае дыханне. І ён з усёй душой заняўся гэтай работай. А як іначай? Малая радзіма! Максім Уладзіміравіч завёў «Інстаграм», каб быць бліжэй да людзей, наладзіў адносіны з мясцовым бізнесам і прыцягнуў іх да добраўпарадкавання раёна, абнавіў райвыканкам маладымі творчымі кадрамі. Ад чаго яшчэ гараць вочы старшыні Дзяржынскага райвыканкама Максіма Лысенкі і што супраць гэтага мае яго жонка — у новым інтэрв’ю рубрыкі «Плеяда маладых».
— Сярод невялікай колькасці інфармацыі пра вас у інтэрнэце знайшла цікавы факт, што нарадзіліся ў Казахстане. Як там апынуліся вашы бацькі?
— Я нарадзіўся ў горадзе Кастанай на поўначы Казахстана — гэта так званая цаліна. У 18 гадоў маладым будаўніком туды пераехаў з Дзяржынскага раёна мой дзядуля. Там сустрэў маю бабулю. Яна была з Украіны, таксама асвойвала цаліну. Таму мая маці нарадзілася ў Кастанаі. У таты падобная гісторыя.
— А калі ваша сям’я пераехала ў Беларусь?
— Кастанай быў шматнацыянальным рэгіёнам Казахстана, дзе жылі людзі з усяго Савецкага саюза. У канцы 1990-х гадоў з’явіліся ў краіне тэндэнцыі да нацыяналізму. Прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў пачалі з’язджаць на радзіму. Першым з маёй сям’і па закліку сэрца прыехаў у Беларусь дзядуля. Калі стала пытанне ў маёй сям’і: заставацца ці не, бацька прыняў рашэнне на карысць пераезду. Людзі, якія падымалі цаліну, звыклыя да працы, калектывізму. У Беларусі былі ўсе магчымасці, каб атрымаць адукацыю, жыць у спакойнай краіне.
— Колькі вам было гадоў, калі пераехалі?
— Каля 15 гадоў. Тут, у Дзяржынскім раёне, я скончыў 10-11 класы школы. І паступіў ва ўніверсітэт у Мінску.
— Пра ўніверсітэт: ваша спецыяльнасць па першай вышэйшай адукацыі — «Лясная гаспадарка». Чаму вас зацікавіла гэта сфера?
— З дзяцінства ў мяне было два захапленні: кнігі і жывёлы. Вельмі люблю чытаць класічную мастацкую літаратуру і зараз. Зразумела, што бібліятэкарам мужчыну быць не вельмі трапна, таму спыніўся на лясной гаспадарцы. Будучая прафесія была звязана з прыродай, яе аховай, аднаўленнем лесу.
— Колькі вы працавалі ў прыродаахоўных службах?
— У сістэме Мінпрыроды працаваў каля 14 гадоў. Вельмі любіў сваю работу, бо яна шматгранная. Нямногія ведаюць, чым займаюцца ахоўнікі прыроды, таму недаацэньваюць гэту службу. Экалогія — гэта ўсё, што звязаны з зямлёй, яе захаваннем ад забруджвання, з паветрам, выкідам шкодных рэчываў, воднымі рэсурсамі, свідравінамі, вадаёмамі, раслінным і жывёльным светам. Усё гэта праходзіць праз інспекцыю прыродных рэсурсаў і знаходзіцца пад яе кантролем.
— Як да вас паступіла прапанова ўзначаліць Дзяржынскі райвыканкам?
— Гэта было вельмі нечакана. Працаваў я начальнікам у Мінскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднойчы мяне да сябе запрасіў Аляксандр Генрыхавіч Турчын, губернатар Міншчыны, і прапанаваў пайсці працаваць у раён. Ён адзначыў, што я ўжо меў вопыт працы там, ведаў кіраўнікоў, рэгіён і падкрэсліў, што Дзяржыншчыне неабходны новы штуршок для развіцця. Я чалавек дзяржаўны. Калі неабходны на нейкім участку працы — буду там.
— Ці здараліся цяжкасці на новай пасадзе?
— Работа з кадрамі заўсёды няпростая. Адна з асноўных маіх задач была — правільна расставіць кадры, каб разглядзець, з кім я гатовы працаваць. Я вельмі патрабавальны да людзей у плане дысцыпліны. Год таму з маім прыходам у райвыканкам нагрузка на падначаленых дадалася. Плюс лічу, што калектыў неабходна амалоджваць, каб былі новыя ідэі і людзі не баяліся іх выказваць. Мы часта збіраемся і ладзім «мазгавыя штурмы». Гэта для калектыву было спачатку нязвыкла, але я хацеў зразумець, што ў галовах маіх падначаленых. Ва ўладзе павінен прысутнічаць нестандартны, творчы падыход да працы. І, безумоўна, выканаўчая дысцыпліна.
— Як ідзе амаладжэнне? Чым удаецца «зацягнуць» маладыя кадры ў рэгіён?
— Зразумела, немалаважныя заробкі. У Дзяржынскім раёне яны дастаткова высокія. Сярэдні — каля 1600 рублёў, а па шэрагу прадпрыемстваў можа даходзіць да 3-4 тысяч. Будуюцца новыя дамы, даём арэнднае жыллё. Што яшчэ неабходна маладым спецыялістам? Каб яны раскрывалі свой патэнцыял! Я даю ім такую магчымасць, не заганяю ў рамкі. І моладзь прыходзіць да мяне, нават з Мінска. Новыя кадры гатовыя ісці са мной і ў агонь, і ў ваду. З імі часам прымаем нестандартныя рашэнні, не па звыклых правілах. Але пераможцаў не асуджаюць, бо мы, не парушаючы закон, робім лепш для насельніцтва.
— Дзяржынскі раён сёння — адзін з самых дынамічных у сталічным рэгіёне, а то і ў краіне. За кошт чаго дабіліся такога звання?
— Будзем шчырымі: шмат дапамагло геаграфічнае размяшчэнне побач з Мінскам. Сорак хвілін — і ты ў цэнтры сталіцы. Праз нас праходзяць важныя дарогі (М1, Р1, другая МКАД) і чыгунка. Ёсць магчымасці для адкрыцця вытворчасцяў і спецыялісты для іх. Ва ўсіх населеных пунктах забяспечана неабходная інфраструктура. Калі ласка, інвестары, развівайце! Будзе вам неабходна зямля — вось зямля, неабходныя людзі — вось людзі. Да таго ж у нас растуць дэмаграфічныя паказчыкі. А колькі ў невялікіх вёсачках непрапісаных яшчэ пражывае. Вельмі развітая ў нас і сельская гаспадарка. Гэта, праўда, не мая заслуга, не прыпісваю сабе. Але АПК на высокім узроўні. А хто гэта ўсё робіць? Людзі, спецыялісты. Дэмаграфічнае размяшчэнне плюс кадры — і ўсё складваецца. Мы будуем пастаянна жыллё, ствараем працоўныя месцы, таму да нас з усёй краіны едуць маладыя сем’і.
— Вы адзначаеце, што на Дзяржыншчыне шмат вытворчасцяў. Ці адчулі яны на сабе ўплыў крызісу? Як удаецца спраўляцца з санкцыямі?
— Я сам вельмі турбаваўся наконт іх. Думаў, як цяжка будзе прадпрыемствам, адпаведна, і паступленні ў бюджэт зменшацца. А бюджэт — гэта ўся сацыялка рэгіёна: ахова здароўя, адукацыя, ЖКГ. Таму ўсе планы на 2022 год, меркаваў, рэалізаваць не зможам. Але кіраўнікі прадпрыемстваў усе да аднаго мне сказалі: «Уладзіміравіч, не турбуйся, мы справімся». Яны мяне супакоілі, хоць павінна было быць наадварот. Больш за тое, прадпрымальнікі Дзяржынскага раёна, акрамя таго, што даюць унёсак у бюджэт, дапамагаюць у добраўпарадкаванні горада. Праблемы, наадварот, больш нас аб’ядналі — уладу і бізнес.
— Якімі якасцямі павінен валодаць малады кіраўнік?
— У першую чаргу быць усебакова развітым, адукаваным, дысцыплінаваным. У маім выпадку кіраўнік раённай улады, — адкрытым да людзей. Калі я прыйшоў на службу, сабраў сваіх супрацоўнікаў і сказаў: «Вы не беладомаўскія». Я ім падкрэсліў, што мы ўсе служым людзям. Не варта задзіраць насы, завязаўшы гальштукі, зачыняцца ў кабінетах і лічыць сябе вялікімі чыноўнікамі. Тым, хто так працуе, я адразу сказаў шукаць іншае месца. Нам неабходна сустракацца з людзьмі, размаўляць. Часта бывае, што прыёмы грамадзян выцягваюць энергію, быццам некаторыя прыходзяць спецыяльна, каб з раўнавагі вывесці. Але ў большасці людзі ў нас добрыя, любяць сваю краіну, дзесьці ім толькі трэба дапамагчы. І яшчэ кіраўнік павінен любіць тое, што робіць. Днямі вырашыў жонцы паказаць, што зроблена ў горадзе, што плануецца. Едзем, я ёй расказваю, паказваю, а яна на мяне глядзіць незадаволена. Пытаюся, чаму. Адказвае: «Ты б бачыў, як у цябе вочы гараць. Чаму яны ў цябе так не ззяюць дома, калі ты займаешся сваім участкам?!»
— Пагаворым пра ваш «Інстаграм». Там вы размяшчаеце падзеі з уласнага жыцця і з жыцця раёна. Хто вядзе акаўнт?
— Я самастойна ім займаюся, дапамагаюць часам за зборам матэрыялаў. Звычайна на работу прыязджаю ў сем гадзін раніцы, хаця працоўны дзень пачынаецца толькі ў 8.30. Адразу 40 хвілін аддаю «Інстаграму». У дырэкце гляджу паведамленні. Часам лістоў бывае да 40, таму некаторыя магу адкрыць толькі праз тыдзень. Каму ведаю, што адказаць, адразу пішу. Калі не дасведчаны пра нешта, раблю нататкі, каб пазней разабрацца з сітуацыяй. Вечарам я ўвогуле адключаю інтэрнэт. Бывае, прачытаеш на ноч непрыемнае паведамленне — спаць немагчыма. Я ўсё вельмі блізка да сэрца прымаю.
Цікавыя ў нас людзі! Напрыклад, скінуў пост пра рамонт дарогі, будаўніцтва ФАК — пайшоў адзін негатыў ад падпісчыкаў. А калі закіну прыгожую фатаграфію з маці, то будзе тысяча «лайкаў». Часам на непаважлівыя і грубыя выказванні адказваю падобным чынам — стаўлю грубіянаў на месца. Але «Інстаграм» і звесткі ад людзей мне вельмі дапамагаюць. Калі праводжу планёркі, то ад маёй інфармаванасці ў падначаленых мову адымае: «Адкуль старшыня пра гэта ведае?» З паведамленняў у «Інстаграм» выяўляю сістэмныя праблемы раёна. У нас за мінулы год знізілася колькасць пісьмовых зваротаў грамадзян. Звязваю гэта з работай у «Інстаграме». Да таго ж прымусіў ЖКГ, аўтапарк завесці тэлеграм-каналы ці старонкі ў сацсетках. Гэта была вымушаная мера, каб наладзіць сувязь з людзьмі. Яны мае бясплатныя інфарматары.
— Што больш за ўсё падабаецца ў вашай рабоце?
— Я бачу вынік сваёй дзейнасці. У экалогіі не было відавочнасці маёй работы. А тут усё дакладна відаць — і атрымліваеш ад гэтага задавальненне. Амаль што кожны вечар я аб’язджаю па квадратах раён і гляджу, як выконваюцца мае даручэнні. Калі нехта недапрацоўвае, назаўтра ў маім кабінеце разбіраемся, чаго не хапае: жадання, дысцыпліны, людзей ці грошай.
— Вы жывяце, як я ведаю, у вёсцы, дзе ў вас уласны дом. Якія перавагі жыцця за горадам?
— Дом значна адрозніваецца ад кватэры. У кватэру ты прыйшоў з работы, паеў і — на канапу каля тэлевізара. Свая сядзіба дысцыплінуе. Ты ведаеш, што пасля работы табе неабходна будзе яшчэ апрацаваць расліны, скасіць газон, дах падлатаць. То-бок, ты не адпачываеш, а пачынаеш зноў працаваць. Часам зрываешся, кажаш: «Ды ну яго!» А потым зноў бярэшся за работу. Я вельмі люблю жывёл. Пакуль у мяне толькі сабакі, але іх тры. Кур жонку не ўгаварыў завесці. Дома ўсё раблю сам. Калі будавалі дом, наймалі людзей. Потым крэдыт скончыўся, а дом не дабудавалі… І сам пачаў гэтым займацца. Самастойна з жонкай і сынам летась пабудавалі альтанку. Ды сёння ў тым жа YouTube можна паглядзець, як усё робіцца.
— Гародніну высаджваеце ў сезон?
— Так. Вырошчваем клубніцы, зеляніну, агуркі, памідоры. Пасадзілі сад. Яшчэ і маці дапамагаем. У яе і бульба, і гарбузы, і кабачкі, і перцы. Думалі, што нічым займацца не будзем. Потым жонка папрасіла зрабіць адну градку. Засадзілі. Кажа: «Мала. Давай другую». І так у мінулым годзе пачалі з адной градкі, да канца вясны ў нас ужо быў цэлы агарод.
— У вёсцы, вядома, паміж суседзямі блізкія адносіны. Як яны рэагуюць, што іх сусед кіраўнік раёна?
— Вяскоўцы ведалі мяне яшчэ да пасады старшыні раёна. Зараз я для многіх стаў Уладзіміравіч, а раней быў проста Максім. Я ніколі не афішыраваў асабліва, кім у Мінску працую. Ды яны ведаюць маю пазіцыю наконт добраўпарадкавання нашай вёскі: ёсць шмат пасёлкаў, дзе сітуацыя горшая, чым у нас. Таму ў першую чаргу пачынаем з іх. Увогуле, добра мы кантактуем з суседзямі. Амаль нічога не змянілася, толькі яны больш саромецца сталі.
— Якія сёння ставіце для сябе мэты ў прафесіі і ва ўласным жыцці?
— Я хачу максімальна больш паспець зрабіць для раёна. Што тычыцца сям’і, задача тая ж — зрабіць больш. Мне дома кажуць, што час, які я праводжу на рабоце, забіраю ў сваёй сям’і, упускаю перыяды, важныя для нас, але ўсё роўна не магу з сабою нічога зрабіць. Пры гэтым у мяне няма кар’ерных амбіцый. Я да гэтага проста стаўлюся. Калі з важнай пасады накіруюць у калгас — пайду без разваг. Што, у калгасе няма чым займацца? Там таксама шмат магчымасцяў для росту.