Койдановские евреи. Ч. 42. Заедкі і Койданаўскі базар
Працягваем друкаваць нататкі вядомага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка) з яго “краязнаўчага блакнота”, дзе аўтар захаваў цікавыя звесткі пра Койданава канца 1920-х. Сам яўрэй па паходжанні, ён добра ведаў карані і традыцыі свайго народа. Таму яго замалёўкі з натуры вельмі выразна паказваюць, якімі праблемамі жылі койданаўскія абшчыннікі пасля польскага пагрому.
“Чайная. Заедкі”
Гэта вывеска на “беларускай” мове. “Заедкі” — закускі. Тут я застаўся пад апекай старога гаспадара “чайной з заедкамі”.
Што адразу кінулася мне ў вочы ў гэтай забудове, дык гэта тып старой карчмы з двума параднымі ганкамі да базарнай плошчы, з вялікай замчыстай брамай на двор. У пярэднім пакоі ідзе бойкі гандаль ліманадам, фаршыраванай рыбай з белымі булкамі. Заходзяць на “заедкі” сяляне з базару. За першым пакоем цягнуцца ва ўсе бакі пакоі і пакойчыкі, сенцы з выйсцем на двор, за сенцамі зноў пакоі, цёмныя, светлыя, пустыя, некаторыя з канапкамі для гасцей, некаторыя з бутэлькамі ад квасу сваёй фабрыкацыі — словам, цэлы лабірынт перагароджаных дошкамі “нумароў”.
За парадкам глядзіць сам гаспадар. Як і яго старая карчма, і ён мае выгляд яўрэя пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Доўгая белая барада, нос з гарбінкаю і чорныя шустрыя вочы. Ён сочыць за хатнім парадкам, а ўжо ў дапамогу яму, альбо калі ён ідзе ў сынагогу на ранішную ці вячэрнюю малітву, за гаспадаркаю наглядаюць яго дочкі і зяць, былы загатоўшчык, які шукаў лягчэйшага хлебу, застаўся зусім бяз хлеба і цяпер знаходзіцца на ўтрыманьні цесця.
Ужо трохі пазней я чуў, як местачковыя называлі майго гаспадара карчмаром. Значыць, ён раней займаўся продажам гарэлкі. На дварэ ў яго вялізны шпіхляр, які арандуе каапэрацыя пад ссыпны пункт. Тут захоўваецца збожжа. З гэтага я зрабіў яшчэ адзін вывад, што стары даўней і збожжа скупліваў у сялян. Відаць, што ён і жыў нябедна, бо яго дочкі пасканчалі гімназію.
Сярод членаў сям’і былога карчмара адчуваецца няпрыязнь да местачковых “балмэлохэс” (рамеснікаў), якія, паводле выразу карчмара, “пайшлі цяпер у гору”. Часта дзеці карчмара ўспамінаюць свой ранейшы “іхус” — шляхецкі гонар у мінуўшчыне. Трэба ведаць, што да рэвалюцыі яўрэй-крамнік, карчмар ці гандляр і яўрэй-рамеснік былі між сабою вельмі аддалены.
Крамнікі і гандляры лічылі сябе вышэйшай пародай, нібы шляхта, а рамеснікаў называлі “прастатой”, “хамулай”, з апошняй ніколі не радніліся і не ўваходзілі ні ў якія сувязі
Цікава, што і ў “божых” справах гэты падзел адчуваўся. У многіх вялікіх мястэчках і гарадох сынагогі дзяліліся на веруючых багатых і веруючых бедных: былі сынагогі крамнікаў, шаўцоў, краўцоў і г. д.
У дарэвалюцыйныя часы, каб дачка крамніка выйшла замуж за каваля ці шаўца, дык гэта быў бы такі прыблізна “мэзальянс”, як бы прынцэса пабралася з пастухом. Вось такімі былымі прынцэсамі сярод пастухоў адчуваюць сябе цяпер дочкі карчмара. Часта бачу іх з кніжкаю ў руках на адным з ганкаў карчмы. Кніжка — толькі дэкарацыя для вачэй местачкоўцаў. “Барышні” сядзяць і мараць.
А наўкола пячэ гарачае чэрвеньскае сонца. Базарная плошча спіць мёртвым сном. Пасярод плошчы стаіць вялізная будыніна з былымі крамамі (здаецца 65).
Цэлы шэраг зачыненых кованых дзвярэй. Заснула на векі-вечныя гэтае мёртвае сэрца былога гандлярскага мястэчка
Каля крамных дзвярэй дзе-нідзе стаяць былыя крамнікі са столікамі: прадаюць папяросы, ліманад, квас, цукеркі, школьныя сшыткі, алоўкі, хустачкі.
У цэнтры крам — высокая пажарная каланча. З боку — студня з вялізным пажарніцкім чанам. Рыпае студня жалезным рыпам — і пад спевы яе мараць на ганках шляхотныя дочкі карчмара і іншыя дочкі такіх жа шляхотных бацькоў… Яны паглядаюць на высокія падмосткі каланчы, куды колькі дзён таму назад узбіраліся цыганкі і на вышыні — над местачковымі задуменнымі дахамі — танцавалі і спявалі. Тады моладзь былой местачковай „арыстократыі”, разявіўшыся, глядзела ўгару на цыганскіх артыстаў.
— Калі яшчэ будзе такое прадстаўленне? — мараць яны.
І ўвечары ідуць спацыраваць да старога замка, дзе ўнізе ў даліне бялеецца цыганскі невялічкі шацёр. Каля мэлянхалічнага скупога агню грэюцца замурзаныя цыганяткі.
Пад месячным ззяньнем стары замак феадальных часоў, абкружаны сцяною, з байніцамі, якія дзе-нідзе яшчэ цалкам захаваліся, з цяжкай брамай у цэнтры, з рэшткамі стагодніх прысад — сапраўды з’яўляецца цікавым месцам для летуценнікаў аб мінулых часох.
Тут аддае балядамі старажытнага княжацкага ўладарства на Беларусі
Пустыя крамы ў цэнтры мястэчка і замчышча ў яго канцы — сымбаль навекі загінуўшай мінуўшчыны розных эпох.
Народны дом, каапэрацыя, сямігодкі, рабочы клуб у мястэчку, яўрэйскія сельскагаспадарчыя арцелі за мястэчкам — сымбаль таго новага, што шпаркім крокам ідзе наперад, што глыбокімі карэннямі ўмацоўваецца ў стара-новай зямлі.
Койданаўскі базар
На рынку было поўна народу. Чуўся спецыфічны базарны пах: свежая трава на вазах, конскі пот і каламазь. Але на базары не прыкметна гандлёвай жвавасці і руху. Крамы зачынены. Сяляне стаялі спакойна каля сваіх вазоў. З сялянскіх тавараў можна было заўважыць малочныя прадукты — сыр, масла, куры, яйкі, бульбу, кошыкі, куфры, кіі. Местачковыя прадавалі паліва, папяросы, марожанае, квас. Была запоўнена сялянамі піўная, кааператыў, чайныя. Каля вясковых вазоў круціліся местачкоўцы.
— Пачым масла?
— Колькі хочаш за курыцу?
Гэта крычыць адна старая яўрэйка.
Да воза падскочылі яшчэ дзве.
— Пачым?
— Не лезце! — злуецца першая, — я купляю!
— Што? Забароніш? Твой базар?
— Я першая падышла!
— Іш, вантроба ненасытная! Увесь свет ты гатова глынуць, ляпа ты першая! Яшчэ няма ведама, хто з нас раней нарадзілася.
Паміж кабетамі пачаўся гвалт.
Каля кааператыву зноў жа ледзь не бойка. Я спачатку не ведаў, у чым справа. Аказваецца, некаторыя сяляне-пайшчыкі перапрадаюць свой цукар лішэнцам і “чайным”…
Купіў я за 20 капеек кіёк у старога селяніна, пагаварыў з ім аб сёлетнім ураджаі і пайшоў на конскі рынак. Там адчувалася большая базарная жвавасць: было шмат кароў, свіней, цялят. Торг і продаж ішлі бойка.
Тут ужо можна было пабачыць старадаўніх махлякоў. Хтосьці пацягваў каня за аброць. Нехта сцёбаў другога каня пугай. Каля трэцяга крычалі цыганы. А тут жа побач бабы на вазах павыцягвалі торбачкі і елі абед: сала, сыр, койданаўскія булкі.
Паміж вазоў праціскаліся музыкі, якія ў гэты ж час сярод тузганіны натоўпу не пераставалі граць.
Марожанікі, кваснікі і чайныя жывуць цэлы тыдзень з базарнага дня.
Пад вечар мы з аграномам выехалі з мястэчка на фурманцы сельскагаспадарчай арцелі “Чырвоная Зорка”, каб пазнаёміцца з першай у раёне яўрэйскай земляробчай камунай
Па дарозе думкі аб мястэчку агарнулі мяне. Колькі стадый перажыло яно за той час, які жыве яшчэ ў маёй памяці. Гандаль да вайны. “Яўрэйскі шпіянаж” пры вайне з немцамі. Здзекі казакаў над яўрэямі, што мела месца і ў Койданаве. Рэвалюцыя. Акупацыя з пажарамі, з яўрэйскімі пагромамі, з яўрэйскімі бародамі на шаблях белапалякаў. Потым заміранне старога мястэчка. Роспач былых гандляроў і крамнікаў. Яўрэйскае земляробства. Я сёння ў “Чырвонай Зорцы” буду есці хлеб, засеяны, зжаты і абмалочаны рукамі тых, якія да Кастрычніка не мелі права быць ратаямі. Гэта ж трэба ўмець так перакроіць гісторыю многіх сот гадоў у адно дзесяцігоддзе. Кастрычнік, нібы велізарны сталёвы трактар, узараў старую глебу і на ёй узрасла новая рунь…(Продолжение следует)