Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Родныя блізкія. Паглядзелі, як у Якутах свята вёскі адзначалі

Свята, прысвечанае Якутам і Грынкевічам, дзвюм прыгожым вёсачкам-суседкам Дзяржынскага раёна, адбылося ў мінулыя выхадныя і стала памятнай падзеяй для землякоў. На гэту сустрэчу адзін з адным і з малой радзімай сваякі, сябры ехалі з розных куткоў Беларусі. І такая радасць напаўняла кожнага, што, здаецца, менавіта праз гэтыя шчырыя чалавечыя пачуцці суцішыліся і дождж, і навальніца, саступіўшы сонцу і цяплу.

Лірычны настрой вясковаму святу адразу ж задалі краязнаўчыя і гістарычныя выставы, арганізаваныя Скірмантаўскай сельскай бібліятэкай. Альбомы са старымі фотаздымкамі, прысвечаныя мясцовым жыхарам і падзеям, пераходзілі з рук у рукі, каля экспазіцый з роднымі краявідамі збіраліся гледачы, у сваю чаргу фатаграфуючы ўсё на ўласныя мабільнікі.

“Глядзі-глядзі, якая я маладая!.. Памятаеш, як у той хаце на танцы збіраліся?.. А вунь Мішка, яшчэ падлетак зусім… А гэта ж хіба не Ларыса?” — радаваліся землякі, прыгадваючы сваё маленства і юнацтва.

Бібліятэкар Нэла Янкоўская выступіла з цікавым аповедам пра паходжанне назваў вёсак і іх гістарычнае мінулае. Разам узгадалі прозвішчы аднавяскоўцаў-франтавікоў. Гаварылі і пра працоўныя, і пра творчыя дасягненні месцічаў, вяскоўцы ахвотна дзяліліся ўласнымі ўспамінамі і цікавымі звесткамі, пачутымі ад дзядоў і прадзедаў.

З вялікай пашанай віталі на свяце найстарэйшага жыхара Грынкевічаў Мікалая Іосіфавіча Гармазу, якому сёлета споўнілася 82 гады. А самым малодшым удзельнікам свята дастаўся кошык з цукеркамі і пажаданні не забываць пра свае карані.

Сем’і Сарнацкіх, Ляўковічаў, Красоўскіх, Смольскіх, Грыбоўскіх, Шарко,  Гармаза, Радзько дапамагалі ў арганізацыі гэтага цудоўнага свята. Ім дзякаваў старшыня Путчынскага сельсавета Яўгеній Сыч, а таксама, віншуючы вяскоўцаў, зычыў сустракацца часцей, збірацца разам святкаваць і працаваць, падтрымліваць адно аднаго.

Артысты Скірмантаўскага Дома культуры падрыхтавалі выдатную канцэртную праграму: песні, прыпеўкі, танцы перапыняліся вясёлымі жартамі і агульнымі светлымі ўспамінамі. Якуты, Грынкевічы і для скірмантаўцаў родныя мясціны, вядомыя з маленства, памятныя з рамантычнай маладосці.

Адчувалася, што для ўсіх гэтых людзей малая радзіма — сапраўднае месца сілы, і святочная сустрэча сардэчнай цеплынёю натхніла кожнага

Тэкст і фота: Наталля Трацэўская

 

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59