Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. На шляху да цывілізацыі

Пачатак гісторыі малой радзімы. На шляху да цывілізацыі

Сустрэчы з мінулым роднага краю заўсёды выклікаюць незабыўныя пачуцці, бо нельга без хвалявання крочыць па шляху, пракладзенаму нашымі продкамі, і не адчуваць пры гэтым загадкавы і таямнічы подых часу, які надае такім вандроўкам асаблівы сэнс і прывабнасць. Вось і наш старажытны край з яго багатымі духоўнымі і культурнымі здабыткамі не застаецца па-за ўвагай даследчыкаў, якія спрабуюць зазірнуць праз цемру стагоддзяў і далучыцца да спадчыннага свету далёкіх продкаў. Менавіта з такой мэтай на старонках «Узвышша» адкрываецца новы цыкл гістарычных нарысаў, з дапамогай якога паспрабуем паглыбіцца ў старажытнасць, каб акрэсліць некаторыя праблемныя пытанні, што пакуль яшчэ выклікаюць супярэчлівыя думкі, бо не знайшлі дастатковага асвятлення ў нашай краязнаўчай літаратуры.

Калі з’явіліся першыя людзі на зямлі нашых продкаў? Хто яны былі і чым іх прывабіў прыродны ландшафт гэтага пагоркавага краю, здаўна вядомага як Крутагор’е? Які сэнс укладалі ў гэту назву першажыхары той мясцовасці і якія выпрабаванні ім давялося пераадолець на шляху да вышынь свайго развіцця?

Адказ на гэтыя пытанні знайсці няпроста, бо на той час яшчэ не існавалі пісьмовыя крыніцы, якія маглі б скіраваць думкі ў патрэбным напрамку. Таму ўсе спадзяванні ўскладаюцца галоўным чынам на гістарычную навуку, якая, да гонару вучоных, не стаяла на месцы і назапасіла дастаткова багаты факталагічны матэрыял пра той аддалены перыяд. Вось чаму, абапіраючыся на тыя грунтоўныя веды, а дзесьці і выкарыстоўваючы вусную народную творчасць, мы ўсё ж паспрабуем ажывіць некаторыя старонкі сівой даўніны нашага краю.

У пачатку гісторыі

Чалавек, як прадстаўнік прыроды, вылучыўся з жывёльнага свету звыш двух мільёнаў гадоў таму назад. Так на планеце Зямля з’явілася новая кропка адліку часу, звязанная з больш дасканалай і арганізаванай формай жыцця, якая не толькі змагла выстаяць у надзвычай цяжкіх умовах тагачаснага прыроднага асяроддзя, але і ў працэсе эвалюцыйнага развіцця дала магутныя парасткі, што дазволілі гэтаму біялагічнаму падвіду ўзняцца ад архаічнай істоты да ўзроўню Homo sapience – чалавека разумнага.

Але для гэтага архантрапам спатрэбілася пераадолець даволі складаны і працяглы перыяд, які вымяраўся тысячагоддзямі. Багатая прырода і спрыяльны клімат садзейнічалі паспяховаму развіццю гэтай папуляцыі. Здольнасць да разумовай дзейнасці падштурхнула яе прадстаўнікоў да больш дасканалых форм уздзеяння на прыроду, якія значна адрозніваліся ад жывёльнага свету. Так пачаўся этап выкарыстання прылад працы, што дазволіла дагістарычнаму чалавеку перайсці ад простага збіральніцтва дарункаў прыроды да вытворчай гаспадаркі.

Працягваючы эвалюцыяніраваць, нашы далёкія продкі неўзабаве асвоілі працэс апрацоўкі зямлі і пачалі вырошчваць на пастаяннай аснове розныя сельскагаспадарчыя культуры. Бясспрэчным іх дасягненнем у працоўнай дзейнасці стала жывёлагадоўля. Значнымі крыніцамі папаўнення запасаў ежы таксама з’яўляліся паляванне і рыбалоўства. Так адбыўся грамадскі падзел працы, які садзейнічаў прагрэсу ў развіцці прадукцыйных сіл і зрабіў стабільным забеспячэнне прадуктамі харчавання.

Павышэнне ўзроўню жыцця дагістарычных людзей непазбежна прывяло да павелічэння іх нараджальнасці, таму яны паступова пачалі падпарадкоўваць да сваіх патрэб усё новыя плошчы. Пачаўся міграцыйны рух з поўначы на поўдзень, які ахапіў значныя тэрыторыіі, дзе вялікія і дастаткова ўстойлівыя групы перасяленцаў адчувалі сябе даволі камфортна. Яны ўжо маглі выдатна прыстасоўвацца да жыцця ў халодных кліматычных зонах. На больш высокі ўзровень паднялася і іх матэрыяльная культура, а таксама калектыўныя формы арганізацыі сумеснага жыцця.

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося 100–35 тысяч гадоў таму назад

Згодна з археалагічнымі даследваннямі, гэта былі людзі, якія па тыпу аблічча адносіліся да неандэртальцаў і жылі ў перыяд так званай мусцьерскай эпохі. Пакінутыя пасля іх прылады працы, касцяныя рэшткі забітых жывёл, стойбішча і іншыя рэчы жыццядзейнасці сведчылі пра тое, што галоўным іх заняткам было паляванне.

Яны пачалі асвойваць новыя тэрыторыі ў даволі неспрыяльны час, калі адбывалася рэзкае змяненне клімату ў выніку спаўзання з поўначы вялікіх глыб лёду. Аднак затым наступаў перыяд адносна цёплага і працяглага надвор’я. Менавіта ў такое міжледнікоўе і пачаўся працэс перасялення людзей мусцьерскай эпохі. Адступіўшы, ледавік стварыў шырокую, на сотні кіламетраў, зону з тундравай расліннасцю. На гэтых прыдатных лугавінах пасвіліся статкі мамантаў, паўночных аленяў, табуны дзікіх коней, блукалі калматыя насарогі, першабытныя быкі, зубры і іншая дзічына, а вадаёмы былі запоўнены вадаплаўнымі птушкамі. Для першабытных паляўнічых такая некранутая знешнім уздзеяннем экасістэма стала сапраўднай знаходкай.

Па шляху ледавіка

Аднак у далейшым межледніковае пацяпленне, якое расцягнулася на некалькі дзесяткаў тысяч гадоў, зноў змянілася сцюдзёнымі вятрамі, абумоўленымі чарговым прыходам ледавіка. Пад яго магутным зледзянелым панцырам апынулася амаль уся тэрыторыя, якая зараз адносіцца да сучаснай Беларусі. Холад прымусіў першабытнага чалавека адступіць на поўдзень. Каб выжыць у надзвычай суровых умовах прыледніковай зоны, людзі мусцьерскай эпохі вымушаныя былі ўступіць у барацьбу за сваё існаванне. Яны навучыліся здабываць агонь, будаваць прымітыўныя жытлы, шыць адзенне.

У гэтым супрацьстаянні з прыродай не спыняўся і працэс фарміравання знешняга выгляду і разумовых здольнасцей людзей. Менавіта на гэтым этапе адбылася чарговая змена іх аблічча – ад неандэртальскага тыпу яны ўзняліся да ўзроўню краманьёнцаў, якія ўжо мала чым адрозніваліся ад чалавека сучаснага тыпу.

Адступленне апошняга ледавіка з тэрыторыі Беларусі здарылася каля 15 тысяч гадоў таму. Глабальнае пацяпленне прывяло да таго, што глыбы лёду пачалі вызваляць паверхню зямлі, у выніку чаго яна набыла зусім іншыя рэльефныя контуры. Апошнія ледавікі ў большасці прыпыняліся ў межах сучаснай Беларусі. На шматкіламетровым шляху ўсе яны, нібы скраблом бульдозера, цягнулі перад сабой рэшткі раслін, камянёў і іншага друзу. Пасля знікнення лёду ўсе гэтыя завалы аселі ў выглядзе марэнных адкладанняў, якія павысілі ўзровень зямлі на некаторых участках на 100 і вышэй метраў. Так узніклі ўзвышшы, якія часткова закранулі і наш раён. Вось чаму яго рэльеф, асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частках, мяжуецца пад’ёмамі і схіламі.

Вянцом тварэння тых магутных сіл прыроды стала вышэйшая кропка Беларусі – гара Дзяржынская, якая ўзнялася над узроўнем мора на 345 метраў. Сярод прыродных з’яў гэта амаль што наша наібольш прыкметная славутасць

Разам са знікненнем рэшткаў ледавіка наступіў працяглы перыяд цёплага клімату. Прыледніковая зона адступіла далей на поўнач, а знікненне вечнай мерзлаты прывяло да глабальнага змянення флоры і фауны. На месцы тундравай расліннасці з’явіліся шырокалістыя і хваёвыя дрэвы, якія займалі ўсё большыя плошчы, утвараючы густыя лясы і дубровы. Галоўнае месца ў іх занялі сосна, елка, дуб, бяроза, альха і асіна. Гэтыя лесавыя масівы сталі прыстанішчам для такіх новых відаў жывёльнага свету, як ласі, алені, дзікія кабаны, мядзведзі, ваўкі, а таксама розных відаў пушных звяроў і птушак. Аднак лясны гушчар заняў звыклыя выпасы, пакінуўшы без ежы статкі мамантаў, валасатых насарогаў, паўночных аленяў і быкоў, што прывяло да іх паступовага вымірання.

Засталіся без традыцыйнага занятку і не змаглі прыстасаваца да новага прыроднага асяродку і паляўнічыя, якім не засталося нічога іншага, як шукаць больш прывабныя месцы для задавальнення сваіх патрэб у ежы. Іх прымітыўныя прылады працы пакуль яшчэ не дазвалялі ім жыць і паўнавартасна здабываць прадукты харчавання ва ўмовах такой складанай экасістэмы. Паступова абязлюдзіліся і гэтыя цудоўныя мясціны, пакрытыя лясамі, рэкамі і азёрамі, і амаль што на 10 тысяч гадоў яны заставаліся ў некранутым першапачатковым выглядзе.

У V–VII вяках нашай эры ў Заходняй Еўропе пачаўся рух плямён, які вядомы, як Вялікае перасяленне народаў. Лічыцца, што пачатак гэтым міграцыйным працэсам далі готы, якія з поўначы рушылі на поўдзень у пошуках лепшых умоў жыцця. Яны знішчалі ўсё, што траплялася на іх шляху, таму славянскія плямёны, якія на той час насялялі цэнтральную частку Еўропы, прадбачліва здвінуліся на поўдзень і ўсход, каб не сустракацца з варварамі. Паступова яны засялілі неабжытыя прасторы вольных зямель, якія зараз належаць Украіне, Беларусі і еўрапейскай частцы Расіі. На нашых землях абаснаваліся плямёны крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Тут яны замацаваліся грутоўна і надоўга, даўшы пачатак беларускаму этнасу.

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59