Меню

Ад разведшколы да рэдактара раёнкі. Нататкі пра лёс Рыгора Уранава (ч. 1)

Гэты год меў свае адметныя асаблівасці. Сярод іх – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад фашыцкіх захопнікаў. На рэгіянальным узроўні не так гучна, але таксама дастаткова прыкметна адгукнулася, звярнуўшы на сябе ўвагу, яшчэ адна дата – 95-годдзе з дня выхаду ў друк першага нумара раённай газеты, якая бярэ свой пачатак са студзеня 1929 года. У гэтай сувязі не залішнім будзе ўспомніць і пра чалавека, чыя біяграфія непасрэдна ўпісалася ў канву тых даўніх падзей.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Кузьміч Уранаў мужна змагаўся з ворагам, вызваляючы Беларусь, а ў мірны час прысвяціў свае здольнасці прафесійнай журналісцкай дзейнасці, працуючы на Дзяржыншчыне.

Нарадзіўся Рыгор Уранаў у жніўні 1924 года, а таму гэты  год для яго таксама  пазначаны як юбілейны. Яго продкі належалі да волжскіх казакаў, якія з XVI стагоддзя пачалі засвойваць землі сярэдняга цячэння знакамітай рускай ракі. Жылі яны асобнымі паселішчамі, паступова змяніўшы сваю ваяўніча-бунтарскую прыхільнасць на звычайнае вясковае жыццё. Побач з імі, на шырокіх прасторах Паволжа, сяліліся прадстаўнікі іншых народнасцяў: татары, чувашы, башкіры. Варта адзначыць, што, нягледзячы на такі нацыянальны і рэлігійны каларыт, паміж суседзямі ніколі не ўзнікала канфліктных сітуацый. Яны заўсёды жылі ў згодзе.

Заснавальнік вялікага сямейства Кузьма Уранаў трымаў гаспадарку, займаючыся сялянскай працай. Але ў сезон меў ён і іншы занятак. За некалькі вёрст ад яго вёскі знаходзілася рачная прыстань, і, калі ўзнікала патрэба, вяскоўцы наймаліся на пагрузку і разгрузку баржаў. Загартаваны сялянскай працай, меў Кузьма выдатныя фізічныя здольнасці, што дазваляла яму, як кажуць, працаваць за дваіх. Існавалі чуткі, што сваімі магутнымі рукамі прыхопліваў ён не адзін, а два мяшкі з мукой ці збажыной і без вялікай патугі падымаўся з імі па трапу. Яму таксама не было роўных, калі ў суседніх татарскіх ці башкірскіх паселішчах святкавалі сабантуй, які традыцыйна заканчваўся паядынкамі мясцовых асілкаў. Круты нораў і цяжкую руку бацькі з маленства добра засвоілі ўсе дзеці, вось чаму непаслухмянасць, разгільдзяйства і абібоцтва сярод іх не прыжыліся.

Са свайго боку маці Вера Іванаўна была глыбока набожным чалавекам. Таму праз праваслаўныя біблейскія запаведзі вучыла яна сваіх трох сыноў і дзвюх дачок міласэрнасці, дабрыні, сціпласці, спагадзе і павагі да людзей.

Сярэдні з братоў, Рыгор, не цураўся сялянскай працы, спраўна выконваючы свае абавязкі па доглядзе хатняй гаспадаркі.

Калі трохі падрос, пачаў хадзіць за плугам і ўпраўляцца з касою. У школе вызначаўся адказнасцю і сур’ёзнымі адносінамі да авалодвання ведамі. А сярод хлапечых захапленняў перавагу аддаваў рыбалцы. Бавячы час каля ракі, Рыгор навучыўся добра трымацца на вадзе і нават на спор з сябрукамі мог упоперак пераплыць Волгу. Такая забава была надзвычай рызыкоўнай. Таму, калі такія ўчынкі сына станавіліся вядомымі дома, ніякія адгаворкі яму не дапамагалі. Бацька браў папружку, каб навучыць свавольніка розуму і не паказваць дзе непатрэбна сваю дурату. У ліпені 1941 года Рыгор паспяхова скончыў дзесяцігодку, але вызначыцца з будучым дарослым жыццём не паспеў. Праз некалькі дзён і да гэтай расійскай глыбінкі даляцелі трывожныя чуткі пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, якая змяніла ўсе яго юнацкія планы. Старэйшага брата прызвалі ў армію, а Рыгор застаўся ў вёсцы і да наступлення паўналецця, нароўне з дарослымі, выконваў розныя работы на карысць фронта.

У пачатку жніўня 1942 года, калі Рыгору споўнілася васямнаццаць гадоў, яго выклікалі ў ваенкамат.

Апрануўшы салдацкую форму, ён спачатку быў накіраваны ў запасны стралковы полк для набыцця вайсковай спецыяльнасці. Па паскоранай праграме за тры месяцы малады баец хутка засвоіў неабходныя віды стралковай зброі і атрымаў навыкі рукапашнага бою. На занятках па фізпадрыхтоўцы ён з лёгкасцю выконваў усе нарматывы, таму быў прыкмечаны і залічаны ў  разведгрупу. Зноў пачаліся напружаныя заняткі, падчас якіх курсанты засвойвалі арыентаванне ва ўмовах незнаёмай мясцовасці, пераадольване розных перашкод і ўменне хутка прымаць рашэнні ў крытычных сітуацыях.

Баявы шлях Рыгора Уранава пачаўся ў 18-гадовым узросце

З 1943 года абавязковай умовай пры адпраўцы разведгруппы на баявое заданне было забеспячэнне яе сродкам мабільнай сувязі. Пры гэтым нярэдка ўзнікалі цяжкасці з падборам кандыдатаў на авалоданне воінскай спецыяльнасцю радыёразведчыка і сувязіста з ліку радавога і сержанцкага саставу, бо патрабаванні пры адборы прэтэндэнтаў былі даволі жорсткія. Будучаму радысту неабходна не толькі адпавядаць усім маральна-палітычным і псіхалагічна-валявым якасцям, але і прайсці праз інтэлектуальнае тэсціраванне і мець выдатныя медыцынскія паказчыкі, бо ён павінен успрымаць на слых ад 100 да 200 знакаў у хвіліну. І 18-гадовы юнак з Паволжа, паспяхова прайшоўшы праз усе гэтыя іспыты, быў накіраваны ў Горкаўскую школу радыёспецыялістаў.

Падрыхтоўка ў Горкаўскай школе радыстаў патрабавала ад курсантаў сканцэнтраванай увагі і разумовага напружання

Падрыхтоўка там была на самым высокім узроўні. І ў сакавіку 1943 года маладога радыста накіравалі ў распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху.

Са сваёй малагабарытнай радыёстанцыяй маркі “Север” ён у складзе спецгруппы зрабіў некалькі рызыкоўных рэйдаў у тыл ворага, дзе не толькі падрымліваў радыёсувязь, але і праявіў спрактыкаванасць і кемлівасць пры выкананні дыверсійных аперацый.

Атрымаўшы баявы вопыт, Рыгор Уранаў у кастрычніку 1943 года быў накіраваны разам з разведгрупай у распараджэнне Упраўлення вайсковай разведкі I Беларускага фронту. Гэта быў перыяд, калі пачалася падрыхтоўка да наступальнай аперацыі “Багратыён” па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашыцкіх захопнікаў. Таму на гэтым этапе на разведку былі ўскладзены адказныя функцыі па збору інфармацыі ў тыле ворага. У кастрычніку 1943 года спецгруппа, у якую ўваходзіў Рыгор Уранаў, была закінута самалётам у партызанскую зону на мяжы Мінскай і Магілёўскай абласцей. Якраз у гэтым накірунку і меркавалася зрабіць прарыў абароны праціўніка сіламі I Беларускага фронту. Улічваючы важнасць атрыманага задання, радыста з камплектам апаратуры размясцілі непасрэдна ў зямлянцы пры штабе партызанскай брыгады. На гэты раз яго забяспечылі больш дасканалымі сродкамі сувязі, якія дазвалялі не толькі перадаваць радыёграмы, але і праслухваць варожыя радыёстанцыі, а пры неабходнасці пеленгаваць і ствараць ім памехі.

Выконваць заданне прыходзілася ў абстаноўцы асобай сакрэтнасці, таму малады радыст карыстаўся поўным даверам з боку партызанскага камандавання.

Ён хутка арганізаваў сувязь паміж бліжэйшымі партызанскімі злучэннямі і прыцягнуў іх да выканання пастаўленных задач. Пачаўся збор звестак пра стратэгічна важныя аб’екты ворага, наяўнасці ў яго жывой сілы і ваеннай тэхнікі. Асаблівая ўвага звярталася на найбольш умацаваныя абаронныя збудаванні, масты і шляхі зносін. Настроіўшыся на хвалі нямецкіх сувязістаў, перахопам іх шыфраграм паспяхова займаўся і сам радыст, што дазваляла рэальна ацаніць абстаноўку непасрэдна ў стане ворага. Пасля абагульнення ўсяго патока інфармацыі яна без затрымкі накіроўвалася ў Беларускі штаб партызанскага руху, а адтуль – далей па інстанцыях. Маштабнасць работы партызанскай разведкі дазволіла камандаванню I Беларускага фронту паспяхова падрыхтавацца да наступальнай аперацыі і бліскуча ў сціслы тэрмін яе ажыццявіць.

Разведгрупа ў тыле ворага

Ужо 24 чэрвеня 1944 года войскі I Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі,  перайшлі ў наступленне. Савецкія воіны хутка прарвалі абарону праціўніка на двух накірунках і, раграміўшы групоўку варожых сіл ў раёне Бабруйска, адкрылі сабе шлях да  сталіцы Беларусі, якая 3 ліпеня была была поўнасцю вызвалена ад акупантаў.

А разведгрупа разам з Рыгорам Уранавым тэрмінова была адазвана ў Маскву.

Чырвоная армія рыхтавалася да рашучых бітваў з фашысцкай Германіяй, і ў той час ужо меркаваўся перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Заходняй Еўропы. У гэтых умовах узнікла патрэба ў атрыманні даставернай інфармацыі з-за мяжы, і перш за ўсё адносна сітуацыі, якая склалася ў Германіі. Такая задача была ўскладзена на Першае галоўнае ўпраўленне НКУС СССР. Ведамаства пачало падбіраць правераныя кадры, каб стварыць адпаведную агентурную сетку. Таму ў поле яго зроку трапіла разведгрупа, якая вызначылася высокім узроўнем дзейнасці ў тыле ворага і прынесла прыкметную карысць пры падрыхтоўцы наступальнай аперацыі “Багратыён”. Умацаванае вопытнымі шыфравальшчыкамі і перакладчыкамі з веданнем нямецкай і англійскай моў, падраздзяленне пачало падрыхтоўку да выканання новага задання. Яго падрабязнасці пакуль не раскрываліся, але ўсе ведалі, што яно будзе адказным і, бясспрэчна, паслужыць хутчэйшай перамозе над ворагам.

Працяг будзе

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59