Пачатак гісторыі малой радзімы. Як з’явілася назва Крутагор’е

Працэс «вялікага перасялення народоў», які прывёў у рух большасць насельніцтва Заходняй Еўропы, закрануў і шматлікія славянскія плямёны. Адарваўшыся ад сваіх добра абжытых месцаў, яны фактычна ператварыліся ў вымушаных вандроўнікаў. А таму гэты працяглы шлях у невядомасць успрымаўся імі з трывогай. Але лёс быў літасцівы да перасяленцаў, падараўшы тыя выдатныя мясціны і неабсяжныя прасторы, якія сталі для іх спрадвечнай Бацькаўшчынай.
У пошуках новых зямель арыентырам для славянскіх плямёнаў служыла Сонца. З яго ўзыходам вялікі людскі паток пачынаў рух у тым накірунку, на які ім указвала нябеснае свяціла. Наперадзе ішлі рослыя і дужыя мужчыны, якія пракладвалі астатнім сапляменнікам шлях праз лясныя гушчары, кустарнікавыя пагоркі, імшыстую дрыгву і імклівыя рэкі. За імі, ахоўваючы дзяцей, рухаліся такія ж прыгожыя, светлавалосыя з блакітнымі вачыма жанчыны. Шмат перашкод давялося ім пераадольваць, але ніхто з іх не паказваў сваёй разгубленасці альбо стомленасці.
Першыя пасяленцы
Першапачатковая дзікая прырода адразу ж запала ў душы гэтым дапытлівым першаадкрывальнікам, а таму яны без сумненняў і ваганняў рухаліся наперад, бо сэрцам адчулі, што знойдуць на прасторах гэтага неабжытага краю не толькі надзейнае прыстанішча, але і шчаслівую будучыню. Паступова іх рады памяншаліся, бо правадыры плямёнаў давалі згоду на тое, каб асобныя родавыя аб’яднанні рабілі прыпынак у прыдатных для жыцця месцах. Неабходна было спяшацца, бо не паспееш азірнуцца, як нябеснае свяціла пачне затухаць, губляючы сваю магутную сілу. І тады чакай сцюдзёных вятроў, якія ахінуць зямлю белым покрывам. Вось чаму патрэбна было тэрмінова брацца за працу, каб да пачатку халадоў узвесці сабе доўгачаканае жытло, а таксама прыдбаць дастаткова ежы і паліва.
Прычакала з’яўленне чалавека-гаспадара і крутагорская зямля. Яе цудоўныя краявіды адразу ж кінуліся ў вочы першым перасяленцам
Яны, як людзі працавітыя і здольныя, адразу ж ацанілі выдатныя магчымасці, якія шчодра расхінуў перад імі гэты край. Усяго было ў дастатку, а таму і вырашылі яны асталявацца тут на доўгія гады, каб удыхнуць новы жыватворны струмень у гэтыя мясціны. Сярод густых лясоў і бароў, поўных дзічыны, праглядаліся лугавіны, прыдатныя для апрацоўкі і вырошчвання зерня. А побач, уздоўж узвышшаў па лагчынах, бурліва несла свае празрыстыя воды гаманлівая рачулка, дзе плёскаліся важкія рыбіны і вадзіліся вадаплаваючыя птушкі. Вось чаму зранку крутагорцы падымаліся на пагоркі, якія прырода шчодра раскідала паўсюдна ў гэтым куточку, і ўзняўшы да нябёс рукі, дзякавалі Сонцу за тое, што яно ім нарэшце падаравала такое багацце. І рытуал яшчэ доўга існаваў сярод першых насельнікаў гэтай мясцовасці.
Нашы далёкія продкі заўсёды ўвасаблялі найбольш каштоўную і карысную інфармацыю ў розныя віды вуснай народнай творчасці, каб з цягам часу перадаць яе сваім нашчадкам. Дзякуючы такой сувязі пакаленняў, жыватворная крыніца духоўнай мудрасці нашых продкаў нават праз стагоддзі данесла да нас цікавую і павучальную легенду, якая хаця і падаецца ў алегарычнай форме, але красамоўна сведчыць пра тое, як нашы продкі вымушаны былі прайсці праз сур’ёзную праверку на чалавечую годнасць, і, вытрымаўшы гэтыя іспыты, заслужылі асаблівую схільнасць вышэйшых прыродных сіл. А ўлічваючы тое, што гэта старажытнае паданне па змесце і часе супадае з тымі падзеямі, пра якія вялася размова вышэй, то ёсць падстава дапоўніць ім наш аповед.
Легенда пра Крутагор’е
– Даўно гэта было, як раз тады, калі тутэйшыя лясы і дубравы напоўніліся гоманам людзей, якія прыйшлі здалёк, каб застацца тут назаўсёды. Два браты з ліку перасяленцаў сумесна асвоілі невялікі кавалак зямлі, але хутка высветлілася, што распрацаванага поля ім недастаткова, каб пракарміць сем’і. І тады малодшы з іх, перадаўшы свой надзел шматдзетнаму брату, вырашыў перайсці ў іншае месца. Адразу ж пасля жніва, як раз пад восень, ён, прыхапіўшы некалькі мяшкоў з зернем новага ўраджаю, разам з жонкай і трыма сынамі, рушыў у дарогу, каб шукаць лепшай долі.
Дрэвы ўжо пачалі губляць свой зялены колер, набываючы яркую восеньскую афарбоўку, калі стомленыя падарожнікі падышлі да чароўнай па прыгажосці мясцовасці. Падняўшыся на ўзгорак, яны ўбачылі хваёвы лес, які знікаў за даляглядам, рачулку, што цякла непадалёку, а побач – пакрытую густым травастоем паляну, якая сведчыла пра яе шчодрую ўрадлівасць. «Вось тое, што нам патрэбна», – уздыхнула з палёгкай сям’я вандроўнікаў. Адпачыўшы пасля працяглага пераходу, усе гуртам узяліся ўладкоўвацца на новым месцы.
Да наступлення халадоў бацька з сынамі пабудавалі паўзямлянку, умацавалі яе бярвеннямі і пакрылі дахам, а з каменняў, якія ў вялікай колькасці былі раскіданы паўсюдна, зрабілі месца для вогнішча і прыгатавання ежы. Маці ў той час назапасіла грыбоў і розных карэнняў, каб прыпраўляць варыва. Таму, калі задзьмулі сцюдзёныя вятры, сям’я ўжо мела надзейны прытулак, дзе было ўсё неабходнае, каб не адчуваць суровага подыху зменлівага надвор’я.
Але першая зімоўка на новым месцы выдалася даволі цяжкай. Снежныя завеі доўга не прыпыняліся, да таго ж назапашаныя прадукты харчавання і паліва знікалі хутчэй, чым хацелася. У тую раніцу, калі адбыліся наступныя, даволі дзіўныя падзеі, занядужаў бацька. Старэйшыя браты падабралі ўсё тое, што засталося з некалі ладнай паляніцы дроў і распалілі вогнішча. Патрэбна было гатаваць сняданак, але і маці не змагла падняцца, каб схадзіць да палонкі і набраць вады. Хаціна па самы дах была замецена снегам. Але хлопцы з цяжкасцю здолелі прыадчыніць дзверы і начэрпаць снегу. Паставіўшы пасудзіну на агонь, усе пачалі чакаць, калі з’явіцца вада, каб зрабіць па глытку жыватворнай вільгаці і адагнаць пачуццё голаду. У гэту цяжкую хвіліну хлопчыкі, як маглі, стараліся падтрымаць бацькоў і свайго малодшага браціка. Некалькі дзён яны яшчэ маглі б пратрымацца, але адчуванне таго нядобрага, што іх чакала наперадзе, не пакідала нікога.
Зімовы дзень хутка пачаў зыходзіць у надвячорак. Знадворку па-ранейшаму гула мяцеліца. Здавалася, што ў гэтым бязлюдным месцы не прычакаеш паратунку, але раптам каля ўваходу ў хату пачуліся крокі і нехта настоўліва пачаў заяўляць пра сябе. Хлопчыкі насцярожана падышлі да дзвярэй, каб даведацца, хто да іх завітаў. Але яны раптам з лёгкасцю прыдчыніліся і на парозе з’явіліся тры невялікага росту дзядкі з пасівелымі бародамі. Ветліва прывітаўшыся, яны без запрашэння падышлі да вогнішча, дзе ўжо пачалі прытухаць вуголлі, і прыселі вакол, каб абагрэцца. На пэўны час усталявалася напружаная цішыня, але потым маці, з цяжкасцю падняўшыся з пасцелі, сказала, што паспрабуе прыгатаваць гасцям сціплы падвячорак. У знак згоды, тыя толькі кіўнулі галовамі, уважліва назіраючы за жанчынай. А тая, з дапамогай сыноў, натапіла ў гаршку снегу і кінула туды ўсе свае апошнія прыпасы – дзве жменькі мукі і столькі ж сушаных грыбоў, якія разлічвала прыгатаваць на сняданак дзецям, каб хоць на пэўны час уратаваць іх ад голаду.

Страва на вуголлях, якія раптам разгарэліся ў полымя, паспела хутка, і госці першымі, узяўшы лыжкі, сталі смакаваць юшку. І зноў на дзіва, колькі б яны ні елі, страва ў гаршку не змяншалася, а таму пачастунку хапіла на ўсю сям’ю. Пад’еўшы, падарожнікі і сям’я ўладкаваліся спаць каля цёплых вуголляў, якія працягвалі дыхаць няспынным жарам.
На раніцу ўсе прачнуліся бадзёрыя і добра адпачыўшыя. Госці зноў прапанавалі адведаць смачнай поліўкі, але маці вінавата паглядзела на іх і хацела ўжо патлумачыць, што ў яе скончыліся прыпасы. Але старыя, хітравата пераглянуўшыся, кіўнулі ў бок кута, дзе ляжала ладная вязанка дроў, а побач – некалькі мяшкоў з зернем. У дастатку знайшлося і сушаных грыбоў з карэньчыкамі. Хваравітасць у бацькоў прайшла, таму яны хутка развялі вогнішча, прынеслі вады і ў чыгуне зноў закіпела варыва. Падсілкаваўшыся цёплай стравай, госці пачалі збірацца ў дарогу. На двары нарэшце скончылася мяцеліца і праз хмурыя аблокі нават пачало праглядаць сонейка.
Сустрэча з незнаёмцамі выклікала адчуванне загадкавасці, таму бацька не мог не пацікавіцца ў іх, хто яны такія і адкуль прыйшлі.
У адказ ён пачуў пажаданне, каб першым жыхарам гэтай прыгожай зямлі, якія засялілі крутую гару, заўсёды шчасціла ў далейшым жыцці, а побач з імі сяліліся такія ж прыстойныя, чулыя і спагадлівыя людзі
Гледзячы ўслед іх аддаляючымся постацям, бацька здагадаўся, што гасцявалі ў яго не інакш як вестуны. І сапраўды іх пажаданні хутка пачалі спраўджвацца. Сям’я першапасяленцаў змагла пераадолець усе цяжкасці і выдатна абжылася на новым месцы. Неўзабаве гэты благаславёны куток зямлі пачаў засяляцца новымі жыхарамі, якія добра суседнічалі паміж сабою, а таму жылі ў міры, згодзе і дастатку. А за гэтым цудоўным краем так і замацавалася назва Крутагор’е.
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем

