Актуально Год исторической памяти

Калі хлусня падмяняе рэальнасць: 100-гадовыя фэйкі у гісторыі Койданава

Апошнім часам падтасоўка фактаў як сродак ідэалагічнага супрацьстаяння ўсё часцей ужываецца у сродках масавай інфармацыі некаторых замежных краін. Канечне, такі падыход супярэчыць нормам чалавечай маралі, але гэты факт зусім не бянтэжыць тых журналістаў, якія без усякага дакору сумлення тыражыруюць падобнага роду фэйкі. І, як сведчыць практыка, такое прафесійнае махлярства мае глыбокія карані.

Днямі рэдакцыя раённай газеты «Узвышша» атрымала ліст ад жыхаркі горада Мінска Вольгі Русаковіч. Як засведчыла аўтар допісу, яна займаецца даследчай працай і, гартаючы старонкі розных дакументаў і выданняў, дапаўняе свае веды аб гістарычных падзеях малавядомымі ці нават зусім забытымі падрабязнасцямі. У гэтай сувязі даследчыца даўніны з Мінска падчас гасцявання ў нашым горадзе прыгадала здарэнне, якое адбылося ў яго наваколлі амаль 100 гадоў таму і выклікала шырокі палітычны рэзананс. На яе думку, прайшоўшы час так і не навучыў нашых бліжэйшых суседзяў па міжнароднай супольнасці паважлівым адносінам да нашай краіны і яе грамадзян. Таму, праводзячы паралель з сучаснасцю, Вольга Русаковіч робіць выснову, што гісторыя праз пэўны час мае заканамернасць паўтарацца. І, як даказваюць далейшыя разважанні, прыведзенныя ў пісьме, з гэтым сцвярджэннем нельга не пагадзіцца.

 Рэальнасць…

Ішлі першыя мірныя гады пасля польскай інтэрвенцыі, распачатай войскамі Пілсудскага ў 1919–1920-х гадах з мэтай захопу беларускіх зямель і ўзнаўлення Рэчы Паспалітай у яе былых межах. Агрэсіўныя планы краіны-захопніцы былі сарваны гераічнай барацьбой беларускага народа за сваю незалежнасць. Але эканамічныя і ваенныя сілы былі на зыходзе, і з гэтай прычыны адбылося падпісанне нераўнапраўнага Рыжскага мірнага дагавору (сакавік 1921 года), па якім амаль палова беларускіх зямель трапіла пад акупацыю панскай Польшчы. Дзяржаўная мяжа прайшла недалёка ад Койданава (зараз горад Дзяржынск). Гэта быў вельмі складаны час.

У ліпені 1920 года падчас адступлення белапалякі, рабуючы мірнае насельніцтва, падпалілі цэнтральную частку мястэчка і вуліцу Слуцкую (зараз – 2-я Ленінская). Нягледзячы на вялікія матэрыяльныя страты, местачкоўцы справілася з бядою. Папялішчы разабралі, а на іх месцы пачалі ўзводзіць новыя будынкі.

Аднак эканамічныя цяжкасці дапаўняліся яшчэ адной непрыемнай з’явай – лютаваннем бандыцкіх фарміраванняў, якія рыхтаваліся і ўзбройваліся на польскім баку. Употай пераходзячы праз савецка-польскую дзяржаўную мяжу (на першым часе яна яшчэ дрэнна ахоўвалася), яны знішчалі народную маёмасць беларусаў, забівалі адказных савецкіх работнікаў, здзекваліся над насельніцтвам, бязлітасна распраўляліся з яўрэйскімі сем’ямі.

Для барацьбы з гэтай навалай у Койданаве быў створаны 16-ы пагранатрад, які разам з ваенізаванымі падраздзяленнямі народнай міліцыі хутка ўзяў сітуацыю пад кантроль. Ужо ў канцы 1922 года замежны бандытызм у прыгранічнай воласці быў фактычна ліквідаваны. Але памежнае Койданава чакала яшчэ адно цяжкае выпрабаванне. У канцы 1924 года на яго была зроблена чарговая спроба бандыцкага налёту з-за кардона.

Вось як гэта міжнародная правакацыя падаецца Вольгай Русаковіч:

«У ноч на 2 кастрычніка невядомымі наўмыснікамі былі зроблены падпалы некалькіх драўляных пабудоў у розных баках Койданава. Пажарныя і насельніцтва ўступілі ў барацьбу з вогненнай стыхіяй, збіваючы полымя і не даючы яму перакінуцца на суседнія будынкі. Магчыма, калі б справа абмежавалася толькі пажарам, гэты выпадак не насцярожыў бы мясцовае насельніцтва, але адначасова па трывозе былі падняты байцы 16-га пагранатрада. Як высветлілася, у раёне Рубяжэвіч недалёка ад паста Сула з польскага боку мяжу перайшоў конны ўзброены атрад. Адразу ж стала зразумела, што гэтыя дзве падзеі звязаны адна з другой.

Але ваенны інцыдэнт змаглі прадухіліць нашы вартавыя дзяржаўнай мяжы. Своечасова падаспеўшы да месца здарэння, яны далі адпор дыверсантам. І тыя, не вытрымаўшы напору нашых вайскоўцаў, вымушаны былі шукаць паратунку на польскім баку. Некалькі трапілі ў палон. Сярод іх апынуўся супрацоўнік Нясвіжскай палітычнай паліцыі Ян Камінскі, які, дарэчы, узначальваў конны атрад парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, а таксама паліцыянты Тарнаўскі і Гайдук. На той час Нясвіж з’яўляўся цэнтрам збірання сіл абшарнікаў і іншых уцекачоў, не згодных з усталяванем савецкай улады на тэрыторыі Беларусі, а таму іх удзел ва ўзброенай правакацыі не быў выпадковым. На дапросах яны паведамілі, што пры іх удзеле планавалася знішчэнне вайсковых казармаў у Койданаве і захоп сакрэтных дакументаў асабовага адзела, якіх чакала на замежным баку польская дыфензіва».

…і хлусня

Факт выкрытага злачынства ўсхваляваў не толькі мясцовае насельніцтва, але і ўсіх жыхароў БССР. На агульных сходах грамадзян выказвалася абурэнне ў сувязі з правакацыяй і ставілася пытанне аб кампенсацыі матэрыяльных страт, якія панеслі жыхары Койданава ў выніку пажару. Выконваючы гэта патрабаванне, Народны камісар замежных спраў СССР Віктар Копп накіраваў ураду Польшчы ноту пратэста.

Аднак, як засведчыла аўтар допісу, польскі бок не прыняў ніякіх мер, каб пакараць удзельнікаў злачыннай акцыі.

Наадварот, улады Пілсудскага не збіраліся павінаваціцца за свае незаконныя дзеянні супраць беларускага народа і, каб нейкім чынам рэабілітавацца ў вачах еўрапейскай грамадскасці, разгарнулі сапраўдную інфармацыйную вайну супраць Савецкага Саюза, у склад якога на той час уваходзіла Беларусь.

Усе публікацыі былі правакацыйнымі і мелі на мэце сфарміраваць ілжывае ўяўленне аб сітуацыі на ўсходнім баку дзяржаўнай мяжы. На іх фоне інцыдэнт у Койданаве падаваўся як аказанне дапамогі барацьбітам супраць савецкай улады.

Штотыднёвік «Дзёнік Віленскі», напрыклад, пісаў: «З Радашковічаў нам паведамілі, што 3-га чысла бягучага месяца на бальшавіцкім баку з’явілася вялікае зарава пажару, якое цягнулася да раніцы. Ружэйная страляніна доўгі час даносілася да польскіх прыгранічных пастоў. Цяпер стала вядома, што сяляне ўзбунтаваліся проціў савецкай улады. Завязалася прадаўжальная бойка. Бальшавіцкае войска адступіла, заставіўшы забітых і параненых. Ёсць ахвяры і сярод паўстаўшых сялян».

У выданні «Рэч Паспаліта» з’явіліся наступныя радкі: «З Менску паведамляюць, што рэквізіцыя робіцца ў Беларусі атрадамі Чырвонай Арміі. Гэта з’яўляецца прычынаю ўзросту рэвалюцыйнага руху. У некаторых месцах справа дайшла да ўзброенай сутычкі».

Працягваючы дыскрэдытацыю краіны Саветаў, «Кур’ер Польскі» паведаміў у навінах за 17 кастрычніка: «Згодна надышоўшых сюды вестак, паўстанне на Беларусі арганізавана патайнымі беларускімі загаворшчыкамі, якія намерваюцца абвясціць незалежнасць краіны». А «Рэч Паспаліта» працягвала: «ЦВК Беларусі звярнуўся да расейскіх уладаў з просьбаю замяніць атрады тэрытарыяльнай міліцыі рэгулярным войскам, бо ёсць апаска, што міліцыя можа выйсці з паслухмянства».

Падхапіўшы гэтую лухту са старонак польскіх выданняў, яе пачала тыражыраваць па ўсёй Еўропе белагвардзейская прэса. Манархічны права-кадэцкі «Руль» пісаў на наступны дзень пасля дыпламатычнай ноты пратэсту Віктара Коппа (22 кастрычніка): «Згодна весткаў з Лёндану, у Беларусі выбухнула вялікае антысавецкае паўстанне. Паўстанцы пад кіраўніцтвам былых ахвіцэраў хочуць утварыць незалежную Беларускую рэспубліку». Другое выданне такога ж кшталту ў той жа дзень паведаміла: «Згодна паведамленню з Рэвелю, Менская, Віцебская і Смаленская губерніі абвешчаны на асадным стане з прычыны таго, што сяляне адмовіліся выдаць хлеб».

Словам, стваральнікі ўсіх гэтых паведамленняў чулі звон, але не ведаюць, адкуль ён, бо, як кажуць, адзін падман правакуе другі.

За ўсёй той хлуснёй стаяла адзіная мэта: з дапамогай правакацыі, здзейсненай польскімі спецслужбамі каля Койданава, была зроблена спроба падарваць аўтарытэт савецкай улады, паказаць яе слабасць і адсутнасць падтрымкі ў насельніцтва, а таксама намер па раз’яднанні беларусаў, якія апынуліся па розныя бакі дзяржаўнай мяжы па Рыжскаму мірнаму дагавору.

Сваю частку інфармацыі, што не адпавядала рэчаіснасці, атрымалі і еўрапейскія абывацелі, якія так і не даведаліся, што ж насамрэч стаяла за той бандыцкай па сваёй сутнасці вылазкай правакатараў.

***

Сёння мы бачым паўтарэнне той жа сітуацыі – калі нашы суседзі па дзяржаўнай мяжы, спрабуючы апраўдаць увядзенне незаконных санкцый супраць Беларусі, разгарнулі сапраўдную ідэалагічную вайну супраць нашага народа. Але ж у дэзынфармацыі кароткі век, бо рэальныя аб’ектыўныя працэсы хутка ўсё растаўляюць па сваіх месцах. Беларусы як нацыя даўно ўжо выпрацавалі імунітэт да падобных з’яў. Яны жывуць сваім розумам, а не пад дыктоўку больш моцных краін-куратараў. Таму і раяць сваім апанентам: хопіць наступаць на тыя ж граблі, якія некалі набілі шышкі на галовах вашых папярэднікаў!