Меню

Зямныя людзі з радасцю зямной… Як жыве вёска Логавішча

Ходзяць легенды, што калісьці у лагавішчанскіх лясах знаходзілі сабе прытулак дзікія ваўкі, зубры ды мядзведзі. Жывёліны стваралі там утульныя логавішчы і бяды не ведалі. Не надта турбавалі нягоды і мясцовых людзей. Жыхары Логавішча заўсёды старанна працавалі ў гаспадарцы, гадавалі дзяцей, цешыліся жыццём. Самыя яскравыя падзеі для вяскоўцаў непарыўна звязаны з гэтым чароўным куточкам і яго ваколіцамі.

Сведкі часу

Найстарэйшыя жыхары распавядаюць, нібы сапраўдная назва вёскі – Логвічы, а не Логавішча. І паходзіць яна ад слова «лог», што азначае багатыя сенакосныя ўгоддзі на беразе ракі. Дарэчы, бліжэйшая да вёскі рака Ператуць (вядомая таксама як Рудзіца) некалі разлівалася так, што лавіць рыбу можна было нават ва ўласным гародзе.

Успамінаюць месцічы і больш познія часы, калі увесь населены пункт складаўся з адной невялічкай вуліцы і 22 двароў.

– Уздоўж яе быў зроблены драўляны тратуар, і кожны імкнуўся падтрымліваць чысціню і парадак каля сваёй пабудовы. На беразе ракі Ператуць, дзе цяпер знаходзіцца мехдвор гаспадаркі, велічна стаяў былы маёнтак пана Краеўскага. Вакол маёнтка таго – мноства духмяных кветак і вялікі панскі сад. А ў садзе тым пабудавалі маленькі сырзавод, дзе выраблялі смачныя сыры дзве жанчыны з Узды, – такімі звесткамі падзялілася ўраджэнка Логавішча Сафія Махнач.

Плён – у адданай працы

Сярод самых важных старонак жыцця лагавішчанскага краю сталі часы росквіту калгаса «Расія». Яго цэнтр перанеслі сюды з Зубрэвічаў у канцы 1970-х гадоў.

А адным з найбольш выбітных кіраўнікоў гаспадаркі (і гэта зусім не суб’ектыўная ацэнка!) быў Цімафей Шэкін. За дваццаць гадоў адданай працы ён узвёў каля 30 жылых дамоў на тэрыторыі вёскі.

Дзякуючы яго намаганням у Логавішчы з’явілася шмат сацыяльна-культурных аб’ектаў. А галоўное дасягненне Цімафея Канстанцінавіча, як адзначаюць людзі, гэта газіфікацыя вёскі.

– Прызнаюся, калі я ўзначаліў гаспадарку, працаваць было лёгка і прыемна. Таму што вяскоўцы – людзі, здольныя да працы, дысцыплінаваныя, шчырыя і сціплыя. Добра памятаю вось тую алею бярозак, што мы разам садзілі каля сельскага клуба, – паказвае былы кіраўнік калгаса. – Сёння пад імі гуляе ўжо трэцяе пакаленне. Усё, што давялося пабудаваць тут, было зроблена гаспадарскім спосабам. Інакш кажучы, сіламі забудоўшчыка, без удзелу падрадчыка. Выходзіць амаль у чатыры разы танней. Напрыклад, 16 кіламетраў газаправода мы пабудавалі менавіта такім спосабам. Уяўляеце сабе? Дапамог кожны чым мог: адзін – лес рубіў, другі – траншэі капаў, трэці – зварачныя работы выконваў.

Перабірае ў памяці Цімафей Канстанцінавіч гады, што прабеглі, здаецца, як адзін дзень. «Што казаць, няпростая была праца ў калгасе! Але ж рабілі людзі, зараблялі, былі шчаслівыя. Вось якіх дзяцей добрых выгадавалі. Памятаю іх яшчэ немаўлятамі, а цяпер яны зусім дарослыя. Навучаюць моладзь у школе, кіруюць прадпрыемствамі, падлічваюць і размяркоўваюць фінансы».

Такім чынам, не стаіць жыццё на месцы. Падзеі змяняюць адна адну ў няспынным руху.

Сям’я вышэй за ўсё

Змяняюцца і пакаленні. На сёняшні дзень у Логавішчы налічваецца ужо 87 двароў, 219 жыхароў. І адразу ў некалькіх хатах – прыбаўленне. Маленькае шчасце завітала, напрыклад, у сям’ю Станкевічаў. Стараста вёскі Алена Міхайлаўна у трэці раз стала бабуляй, а яе сын Аляксандр і нявестка Інга – бацькамі. І вось чарговае вясковае мерапрыемства самая творчая сям’я Логавішча ладзіць у статусе мнагадзетнай. Усё ж праўду людзі кажуць: у каго дзеці – у таго і шчасце.

А яшчэ гавораць, што саюз, які Бог злучыць, ніхто ніколі не разлучыць. Каб знайсці пацвярджэнне народнай мудрасці, далёка хадзіць не трэба. Дастаткова завітаць у Логавішча, дзе жыве сям’я залатых юбіляраў – Сцяпана і Ганны Жэшак. Разам яны ўжо паўстагоддзя дзеляць усе радасці і нягоды, вырашаюць штодзённыя справы, старанна працуюць, клапоцяцца адно аб адным. І прызнаюцца, што гэта і ёсць аснова, на якой будуюцца сумленныя ўзаемаадносіны на доўгія гады.

 «Хачу адзначыць, што ў працэсе падрыхтоўкі да свята вёскі Логавішча былі задзейнічаны ўсе:і арганізацыі, і жыхары сельсавета. Вельмі прыемна, што на працягу некалькіх тыдняў праца кіпела і кожны зрабіў свой ўнёсак у агульную справу».

Канстанцін Суша, кіраўнік Негарэльскага сельвыканкама

Гаспадыня засцілае стол абрусам…

Немагчыма скончыць апавяданне пра Логавішча і не згадаць яшчэ адну асаблівасць местачковага быту – вядомую беларускую гасціннасць і таленавітасць. Пераканацца ў гэтым давялося на свяце вёскі: у лагавішчанскіх гаспадынь стол літаральна ламіўся ад апетытных страў. А якой духмянай была свежая выпечка! Булкі, ватрушкі, вялікі торт са свежай садавінай – усё гэта прапанавала гасцям свята жыхарка Таццяна Бакуновіч.

– Я нарадзілася ў Логавішчы, тут жылі і мае бацькі. Клопату, працы ў вяскоўцаў, самі ведаеце, нямала. Мама заўсёды завіхалася па гаспадарцы, падтрымлівала чысціню і парадак у хаце. Асабліва часу для гатавання – не дзеля патрэбы, а для душы – не было. Я раней таксама асабліва не захаплялася гэтым. Потым пахавала мужа, перастала спаць. Шмат не спала па начах. Адчувала, што нечым сябе трэба заняць. Пачала кулінарыць. Гэта стала маёй аддушынай.

Вось так і зіхаціць лагавішчанскае жыццё ў розных колерах. Карычневым – як ураджайная глеба, нябесна-васільковым – як вочы дзяцей і залаціста-ружовым – як падрумяненыя бакі на булках мясцовых гаспадынь. Здаецца, нічога такога тут няма. Звычайнае сельскае жыццё. Але ці патрэбны «арол у небе», калі навокал – любімыя людзі і зямныя радасці?

ООО "МВИнновации"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59