Пачатак гісторыі малой радзімы. Ліцвін з Полацка

Францыск Скарына, у адрозненне ад Альбрэхта Гаштольда, не меў ні старадаўняй і багатай радаслоўнай, ні знакамітых і ўплывовых продкаў. Але дзякуючы сваім здольнасцям, працалюбству і настойлівасці змог набыць рознабаковыя веды, якія дазволілі яму ўзняцца да вышынь рэнесанснай культуры Сярэднявечча. Гучныя справы зрабілі вядомымі прозвішчы гэтых знакамітых асоб у Вялікім Княстве Літоўскім, аднак да пэўнага часу іх жыццёвыя шляхі не сыходзіліся разам. І ўсё ж карыслівыя памкненні аднаго і цяжкія сямейныя абставіны другога падштурхнулі іх да сустрэчы.
Францыск Скарына: пачатак шляху
Пра дзіцячыя гады будучага літаратара і асветніка да нас дайшлі даволі сціплыя звесткі. Вядома, напрыклад, што нарадзіўся ён у Полацку ў сям’і купца Лукі Скарыны, які гандляваў шкурамі і футрам. А вось дакладная дата яго з’яўлення на свет невядома. Па ўскосных прыкметах яе адносяць да пачатку 1490 года.
Па збегу абставін у гэты перыяд у Полацк з асобай місіяй прыбылі чатыры манахі ордэна францысканцаў на чале з гвардыянам Львом з Ланцута. За кароткі тэрмін місіянеры ўзвялі драўляны кляштар з касцёлам у імя Бога-Збавіцеля і святой Дзевы Марыі, у якім браты-францысканцы пачалі праводзіць набажэнствы, у тым ліку і хрышчэнне па рымска-каталіцкаму абраду народжаных дзяцей. Каб далучыць свайго сына да Бога, шчаслівыя бацькі звярнуліся з прашэннем у новы храм. Справа ў тым, што сам Лука Скарына не адносіўся да карэнных мяшчан-палачан. Па родзе сваіх заняткаў ён, хутчэй за ўсё, меў дачыненне да генуэзскіх купцоў Левантыйскага саюза, якія пераважна займаліся гандлем прадметаў раскошы. Сярод іх асобай папулярнасцю карысталася футра каштоўных парод звяркоў, якім у Італіі людзі знатнага паходжання аздаблялі свае касцюмы. Дастаўкай гэтага тавару і займаўся Лука Скарына. Перабраўшыся ў Полацк з Апенінскага паўвострава, ён па паходжанні таксама меў прыналежнасць да рымска-каталіцкага веравызнання, а таму і сына далучыў да гэтай канфесіі. Магчыма, калі паўстала пытанне, як назваць хлопчыка, гвардыян Леў, які меў ужо права плябана, параіў сваім новым парафіянам даць неўмаляці імя ў гонар заступніка ордэна святога Францыска. Такім чынам, дзейсны ўдзел францысканцаў на пачатку жыццёвага шляху Францыска і прадвызначыў далейшы лёс сына купца Лукі Скарыны.
Калі пры кляштары адкрылася школа, Францыск Скарына стаў яе найбольш паспяховым навучэнцам. Яму з лёгкасцю даваліся ўсе прадметы, якія выкладалі манахі. Да чатырнаццацігадовага ўзросту ён прайшоў увесь курс навучання, дзе атрымаў не толькі грунтоўныя веды па вучэбных дысцыплінах, але і свабодна размаўляў на латыні.
Выдатныя здольнасці юнага палачаніна і падштурхнулі яго да паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт.
Гэта навучальная ўстанова на той час мела чатыры факультэты – свабодных навук, тэалогіі, права і медыцыны. Першы з іх і прывабіў Скарыну разнастайнасцю вучэбных дысцыплін. На працягу года ён вывучаў фізіку, біялогію і логіку па сачыненнях старажытнагрэчаскіх філосафаў, пасля чаго атрымаў навуковую ступень бакалаўра. Потым год вывучаў «Метафізіку» Арыстоцеля, «Нікамахаву этыку» і трактаты на сацыяльна-палітычныя тэмы. Паспяхова засвоіўшы і гэты курс, Скарына атрымаў вучоную ступень магістра. На гэтым звесткі пра яго кракаўскі перыяд абрываюцца.

Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што на працягу 1506–1512 гадоў таленавіты юнак з Полацка не прыпыняў сваіх заняткаў. Верагодна, яго захапілі такія напрамкі навуковай дзейнасці, як філасофія і медыцына, якімі ён працягваў паглыблена займацца ў сценах Кракаўскага ўніверсітэта. Ва ўсякім разе, у 1512 годзе Скарына, ужо са ступенню доктара філасофіі (тэалогіі), з’яўляецца ў горадзе Падуя (Італія), каб атрымаць яшчэ адну ступень, на гэты раз доктара медыцыны. І што цікава, ніводны з членаў калегіі Падуанскага ўніверсітэта, на прысуд якіх была прадстаўлена кандыдатура «бедного молодого человека родом из отдаленных стран», не выказаўся супраць таго, каб дапусціць яго да экзамена. Па ўсім бачна, што і ў гэтым выпадку не апошнюю ролю адыгралі рэкамендацыі манаскага ордэна францысканцаў, які працягваў апекаваць свайго таленавітага «хросніка». Як вядома, Францыск Скарына бліскуча пацвердзіў свае веды і атрымаў ступень доктара медыцыны, узняўшыся да вяршынь адукаванасці Сярэднявечча.
Варта пры гэтым адзначыць, што знаходзячыся працяглы час за мяжою, ён, аднак, не цураўся свайго паходжання і не губляў сваёй нацыянальнай самасвядомасці. У эпоху феадалізму на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага этнічная прыналежнасць часам атаясамлівалася з канфесійнай, таму католікі звалі сябе ліцвінамі, а праваслаўныя – русінамі.
Вось чаму па дакументах таго часу Скарына нярэдка праходзіў як ліцвін з Полацка.
За мяжою не забываў ён і сваёй роднай мовы, на якой размаўлялі яго суайчыннікі.
Друкар і асветнік
Чалавек, дасягнуўшы такога ўзроўню ў адукацыі, мог прэтэндаваць на прывілеяванае месца ў любой еўрапейскай дзяржаве, аднак Францыск Скарына, двойчы доктар навук – тэалогіі і медыцыны, абраў для сябе іншы кірунак дзейнасці – літаратуру і кнігадрукаванне. І такі незвычайны паварот у яго жыцці нельга лічыць выпадковым, калі прыняць да ўвагі, што маладому вучонаму з Полацка давялося жыць і працаваць у перыяд найвышэйшага росквіту эпохі Рэнесанса (Адраджэння) ў Еўропе. Як чалавек, які атрымаў усебаковую адукацыю, Францыск Скарына не мог не бачыць прагрэсіўны характар гэтых ідэй, заснаваных на прынцыпах гуманізму і свабодалюбства. Вось чаму да яго прыйшло ўсведамленне аб пошуку іншых шляхоў рэалізацыі свайго інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу. І гэты складаны працэс пераасэнсавання ўласных поглядаў адбыўся ў будучага літаратара і асветніка менавіта ў 1512–1517 гадах.
Дакладных звестак не захавалася, але, па ўсёй верагоднасці, вяртаючыся з Італіі дадому, дыпламаваны доктар медыцыны, пад уплывам ідэй гуманістаў-адраджэнцаў, вырашыў наведаць г. Ахрыд у Македоніі, дзе паслядоўнікі салунскіх братоў Кірылы і Мяфодзія стварылі знакамітую школу пісьма і перакладу. Галоўным іх заняткам было перапісванне і распаўсюджванне Свяшчэннага пісання на старажытнаславянскай мове. Там ён і атрымаў першыя навыкі выдавецкай справы. Майстры Ахрыдскай кніжнай школы навучылі яго нормам правапісу на кірыліцы і пазнаёмілі з тэхнікай афармлення выданняў. Валодаючы выдатнымі лінгвістычнымі здольнасцямі, Скарына і сам мог паспрабаваць сябе ў ролі перакладчыка Бібліі з іншых моў.
Не выключаецца, што менавіта ў Ахрыдзе, патрымаўшы ў руках выдатна аздобленыя фаліянты, Францыск Скарына вырашыў прысвяціць сябе гэтай асветніцкай дзейнасці.
І зноў можна выказаць меркаванне, што пасля Македоніі Скарына наведаў суседнюю Чарнагорыю, дзе ў горадзе Цэцінье была заснавана друкарня, у якой пачало прымяняцца вынаходніцтва нямецкага рамесніка Ёгана Гутэнберга. У сярэдзіне XV стагоддзя ён навучыўся вырабляць з металу рухомыя літары ў перавернутым выглядзе, што дазволіла яму складаць словы і сказы, а потым з дапамогай варштата рабіць водціскі на паперы. Так, з дапамогай чарнагорскіх друкароў, Францыск Скарына атрымаў першыя навыкі работы са шрыфтамі, навучыўся ўпраўляцца з друкарскім варштатам, спасцігаючы сакрэты вырабу кніг па новай тэхналогіі. Атрымаўшы неабходную падрыхтоўку, Скарыне заставалася толькі набытыя веды рэалізаваць на практыцы. Гэтыя намеры і прывялі яго ў Прагу.

Будучы асветнік не выпадкова выбраў для работы сталіцу Багеміі. Яшчэ з часоў гусіцкіх войнаў тут панавалі дух свабодалюбства і памяркоўнасць да розных канфесій. Да таго ж, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, Прага стала тым асяродкам, дзе з прыхільнасцю ўспрымалі ўсё новае і перадавое. Дакладна невядома, як стваралася ў гэтым горадзе друкарня і хто набываў для яе рыштунак, аднак ужо на пачатку жніўня 1517 выйшла з друку кніга, на тытульным лісце якой было пазначана: «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцка, Богу ко чти и людям посполитым к доброму научению». Асаблівай адметнасцю гэтага выдання было тое, што тэкст перакладу ўпершыню загучаў не на старажатнаславянскай мове, якой карысталася праваслаўная царква, а на звычайным гутарковым дыялекце, зразумелым для большасці насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Больш таго, усе біблейскія сюжэты, якія ляжалі ў аснове гэтых перакладаў, былі забяспечаны прадмовамі і пасляслоўямі, а таксама арнаментаваны вялікай колькасцю заставак, вялікіх літар, гравюр, тытульных лістоў.
У такім выглядзе друкаваная кніга ўжо губляла першасны багаслоўскі сэнс і набывала свецкі характар, ператвараючыся ў самастойны мастацкі твор.
Такі нетрадыцыйны падыход да афармлення сваіх выданняў сведчыў пра свабодныя, рэнесансна-гуманістычныя адносіны Францыска Скарыны да Свяшчэннага пісання, а створаныя ім кнігі ўздымалі прозвішча аўтара да вышынь творчасці такіх вядомых паэтаў і пісьменнікаў эпохі Рэнесансу, як Пятрарка, Рабле, Сервантэс, Бакача, Шэкспір і іншых.
Віктар УРАНАЎ
Рекомендуем

