Меню
Государственное предприятие "Водоканал Дзержинского района"

Пачатак гісторыі малой радзімы. Непрызнаны талент

Пачатак гісторыі малой радзімы. Непрызнаны талент

Фрацыск Скарына жыў і працаваў у эпоху росквіту еўрапейскага Рэнесанса (Адраджэння) – новай плыні грамадска-філасофскай думкі. Яна паклала пачатак пераасэнсаванню артадаксальна-дагматычных поглядаў, якія стрымлівалі развіццё і магчымасці чалавека як свабоднай і сацыяльна актыўнай асобы. Пад уплывам гэтай магутнай хвалі гуманістычных ідэй і сфарміраваўся светапогляд «ученого мужа Франциска Скорины из славного града Полоцка».

Беларускі першадрукар

На той час Свяшчэннае Пісанне па-ранейшаму заставалася амаль што адзінай крыніцай ведаў, адкуль людзі не толькі чэрпалі духоўную і маральную сілу Божага слова, але і знаходзілі там адказы на многія жыццёвыя запыты. Вось чаму для хрысціян Біблія мела выключна важнае значэнне як найбольш каштоўны і карысны даведнік, дзе была сабрана шматвяковая мудрасць чалавецтва. Таму, калі ўзнікла пытанне, з перакладу якога тэкста пачынаць друкарскую дзейнасць, Францыск Скарына, нягледзячы на тое, што меў прыхільнасць да гуманістычных адраджэнчаскіх ідэй, усё ж без ваганняў выбраў менавіта Біблію.

У сваім творчым памкненні ён вырашыў адысці ад звыклых канонаў перадачы і афармлення зместу біблейскіх сюжэтаў. Каб зрабіць іх зразумелымі для большасці простых людзей, Скарына выдаў Стары запавет не на царкоўнаславянскай мове, а на звыклым гутарковым дыялекце. Як наватар і перакладчык, ён зрабіў значны крок наперад у выдавецкай справе, выкарыстаўшы такія новаўвядзенні, як прадмовы і кароткія пасляслоўі, у якіх загучала патрыятычная і жыццесцвярджальная пазіцыя самога аўтара.

Яго бясспрэчнай творчай знаходкай можна лічыць і выкарыстанне для тэкставага аздаблення невялікіх мініяцюр, заставак і прыгожых літар у загалоўках

Аднак па заканчэнні работы друкаванае, з густам аформленае выданне, у якое Скарына ўклаў свой талент і душу, так і не дайшло да шырокага кола чытачоў. Праваслаўная царква варожа ўспрыняла наватарскія ідэі беларускамоўнага друкара, бо да XVI стагоддзя пераклады і тлумачэнне Бібліі з’яўляліся прывілеем царквы і святароў, а адыход ад прынятых царкоўных канонаў лічыўся богазневажаннем і святатацтвам. Таму замест прызнання і падзякі Францыск Скарына атрымаў гнеўны дакор праваслаўнай царквы, а яго кніга была прызнана ерэтычна шкоднай і не падлягаючай да прымянення пры царкоўных набажэнствах.

Існуюць звесткі, што першадрукар і асветнік з Полацка зрабіў спробу распаўсюдзіць свае кнігі ў суседнім Маскоўскім княстве. Аднак і там яго чакалі непрыемнасці і расчараванне. Паводле загаду вялікага князя маскоўскага Васіля III усе экзэмпляры знакамітага пражскага выдання, якія прывёз з сабою Скарына, былі кінуты ў вогнішча, а самога выдаўца прызналі адэптам Рымскай царквы і абразліва выштурхнулі за межы рускай дзяржавы.

З пачуццём крыўды і горычы вярнуўся Францыск Скарына ў Прагу, аднак варожасць, з якой ён сутыкнуўся ў Маскве, не зламалі волю гэтага моцнага духам чалавека. Калі ў 1520 годзе ў Еўропе ўспыхнула эпідэмія цяжкага захворвання, а потым пачаліся народныя хваляванні, выкліканыя недахопам харчавання, асветнік і друкар прыняў рашэнне закрыць пражскую майстэрню і перабрацца ў Вільна, дзе ў яго быў надзейны сябар Багдан Онкаў. Гэта быў вядомы прадстаўнік гандлёва-прамысловай буржуазіі Вялікага Княства Літоўскага, якая пачынала набіраць моц. На тытульных лістах некаторых выданняў Скарыны засталося прозвішча гэтага чалавека як сведчанне яго фінансавай дапамогі: «А тося стало накладом Богдана Онкова сына радци места виленского». Даведаўшыся пра цяжкія абставіны, якія склаліся ў Празе, ён прапанаваў заснавальніку ўсходнеславянскага кнігадрукавання пераехаць у сталіцу ВКЛ.

У такім выглядзе сустрэла Францыска Скарыну сталіца ВКЛ – горад Вільна

Так на пачатку 1520-х гадоў пачаўся новы перыяд у яго асветніцкай дзейнасці.

Вяртанне на радзіму

Сталіца ВКЛ спачатку гасцінна прыняла знакамітага палачаніна. Дзякуючы пасрэдніцка-фінансавай дапамозе заможнага віленскага купца і аптовага гандляра тканінамі Багдана Онкава, Францыск Скарына змог перавезці на новае месца найбольш каштоўнае друкарскае абсталяванне. Згоду на пераезд далі і некаторыя з яго бліжэйшых памагатых, якія ўжо мелі вопыт абыходжання са шрыфтамі і выкарыстання варштата для водціскаў тэкстаў на паперы.

Друкарня была абсталявана ў доме «почтивого мужа» Якуба Бабіча, які быў «найстаршим бурмистром места Виленского”, а потым узначаліў віленскі магістрат. Яго «каменица» знаходзілася ў межах рассялення ўплывовага віленскага мяшчанства і членаў магістрата. Як сцвярджаюць дакументы таго часу, зацікаўленасць у выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны праявіў яшчэ адзін член Віленскай рады Юрый (Георгій) Адвернік. На той час друкаваныя кнігі выконвалі не толькі асветніцкую ролю, але і належалі да ходкага дарагога тавару. Вось чаму гэтыя прадпрымальныя людзі мелі свой інтарэс да друкарскай справы. Магчыма не без іх удзелу кароль польскі і вялікі князь літоўскі Сігізмунд I выдаў прывілей, які дазволіў гараджаніну Карлюсу Вернарту «млын паперны справити».

Адкрыццё папяровай мануфактуры ў Вільна адкрыла новыя магчымасці для дзейнасці друкарні.

Друкарская майстэрня ў старажытнасці

Такім чынам, Францыску Скарыне былі створаны ўсе ўмовы для плённай працы. І ён спраўна выкарыстаў гэты шанц, падрыхтаваўшы да друку 22 біблейскіх сюжэты, аб’яднаных у «Малую подорожную книжицу». Яна складалася з такіх частак, як «Псалтырь», «Часословец», «Акафисты», «Каноны», «Шестидневец», «Святцы» і «Пасхалии». Па сваім фармаце гэта была невялікая па памерах кніга, зручная і прызначаная для карыстання такім катэгорыям насельніцтва, як вясковыя жыхары, рамеснікі і гандляры. Адметнасцю гэтай кнігі з’яўлялася і тое, што гэта быў не толькі малітоўнік, але і даведнік, у якім можна было знайсці адказы на некаторыя практычныя і нават навуковыя пытанні. Праца над гэтым выданнем завяршылася ў 1522 годзе і стала першым прыкладам кнігадрукавання на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Па збегу абставін якраз у тым жа годзе атрымаў пасаду віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбрэхт Гаштольд. Узняўшыся на вяршыню кар’ернага росту, гэты ўладалюбівы і карыслівы чалавек атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы як у Вільна, так і за яго межамі. Сталічны горад поўнасцю апынуўся пад яго пільным наглядам. Невядома, як гэта здарылася, але ў пачатку 1520-х гадоў летапісны звод, які раней належаў князям Алелькавічам-Слуцкім, ужо знаходзіўся ва ўласнасці Альбрэхта Гаштольда. Цяпер для завяршэння пачатай справы па набыцці тытула яму неабходна было знайсці такога чалавека, які б змог пасадзейнічаць яму ў атрыманні доўгачаканага ганаровага звання. Аддаўшы адпаведны загад сваім падначаленым, Гаштольд спадзяваўся на хуткі вынік, аднак справа замаруджвалася, пакуль у яго канцылярыю не дайшла чутка, што ў доме «найстаршего бурмистра места Виленского» Якуба Бабіча працуе друкарня пад началам выдатнага майстра выдавецкай справы Францыска Скарыны. На гэты раз Гаштольду сапраўды пашанцавала, і гэту магчымасць ён вырашыў выкарыстаць спаўна.

Так перасякліся шляхі гэтых двух розных па поглядах і сацыяльным становішчы людзей, хаця па асобных накірунках іх інтарэсы мелі і некаторыя агульныя рысы. Справа ў тым, што да пачатку XVI стагоддзя вялікія князі літоўскія аддавалі сваім падначаленым выключна вусныя загады, якія не пацвярджаліся ніякімі юрыдычнымі нормамі. Вось чаму было прынята рашэнне сабраць іх разам, класіфікаваць па раздзелах і выпрацаваць агульныя нормы іх выкарыстання. Гэта важная дзяржаўная справа была ўскладзена на вялікага канцлера Мікалая Радзівіла (1470–1521), а калі ён пайшоў з жыцця – на яго пераемніка Альбрэхта Гаштольда. У свой час, як і Скарына, ён скончыў Кракаўскі ўніверсітэт, а таму быў дастаткова адукаваным і падрыхтаваным да творчай работы чалавекам. Яго веды і прыродная адоранасць дазволілі паспяхова спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі па стварэнні першага беларуска-літоўскага Статута. Аднак, у адрозненні ад Скарыны, работа ў канцылярыі Гаштольда вялася пісьмова і ад рукі. Вось чаму, наведаўшы майстэрню друкара, вялікі канцлер пачаў размову здалёк, параўноўваючы працу сваіх перапісчыкаў з тым, што па-майстэрску выконвалі работнікі друкарні. Але пазней іх гутарка пайшла іншым ходам, і Альбрэхт Гаштольд прапанаваў свайму знакамітаму суразмоўніку часова прыпыніць выдавецкую справу і выканаць яго асабісты заказ.

Не раскрываючы сваіх намераў, уладарны гаспадар сталіцы ВКЛ прапанаваў Францыску Скарыне стварыць біяграфічны летапіс, дзе б галоўная роля адводзілася гераічным справам самога Гаштольда.

Аднак у майстра былі іншыя намеры – ён пачаў працу па выданні новай кнігі, а таму канцлер атрымаў катэгарычную адмову. І нават прапанаваны ім вялікі ганарар не прымусіў Скарыну пайсці на змову. Падобнага павароту ад сустрэчы вялікі канцлер не чакаў. Ледзь стрымліваючы свой гнеў, раз’юшаны гаспадар Вільна, не развітваючыся, пакінуў друкарню. Такіх адносін  да сваёй асобы Гаштольд нікому не дараваў. Не ведаў тады яшчэ Францыск Скарына, якія непрыемнасці чакаюць яго ад гэтага ганебнага, вераломнага і крывадушнага чалавека.            

(Працяг будзе)

Віктар УРАНАЎ

Торговый дом "Лагуна"
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59